Прафесіяналізм, старанне, добрасумленныя адносіны да працы, акуратнасць ва ўсім; уменне зацікавіць, павесці за сабой, спагадлівасць і гатоўнасць дапамагчы іншым — гэта якасці, якія характэрны для Таццяны Яўгенаўны Калеснікавай, настаўніка беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №2 г. Масты.
Нарадзілася яна ў невялікай вёсцы Дашкаўцы, пайшла ў першы клас таксама ў мясцовую васьмігодку. Першай настаўніцай Таццяны Яўгенаўны была яе мама, якая працавала настаўніцай пачатковых класаў.
Калі скончыла 8 класаў, працягнула вучобу ў Мікелеўшчынскай сярэдняй школе. З дабрынёй і пяшчотай Т.Я. Калеснікава ўспамінае сваіх настаўнікаў, якія далі ёй пуцёўку ў жыццё. У 1989 годзе скончыла вучобу ў сярэдняй школе. Яе марай было паступіць на філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. З 1989 па 1994 гады яна была студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта былі самыя лепшыя і шчаслівыя гады, таму што студэнцтва - гэта тая пара, калі перад табой, па сутнасці, адкрыты ўсе дарогі, ты адчуваеш сябе вольным і, самае галоўнае, - ты знаходзішся там, дзе табе неабходна быць. Мара яе ажыццяві-лася, гады вучобы прабеглі хутка.
“Калі я наведваю горад Гродна, дык з вялікай радасцю, асалодай і нават трошкі з настальгіяй праходжу каля сваёй альма-матар. Заўсёды з жаданнем адчыняю тыя дзверы, якія зараз вельмі змяніліся, праходжу па тых утульных калідорах, якія нават і сёння грэюць маю душу цяплом і навяваюць успаміны. Назва ім - маладосць. Самыя залатыя, самыя шчаслівыя - гэта гады маёй вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэте”, – з асалодай успамінае Т.Я. Калеснікава.
Пасля заканчэння ўніверсітэта яна была накіравана ў Галубоўскую сярэднюю школу. Там пачаліся яе першыя крокі ў прафесію. “Я вельмі ўдзячна настаўнікам, якія сустрэліся мне на той сцяжыне”, – гаворыць Таццяна Яўгенаўна. З 1994 па 1995 гады працавала настаўнікам, а ў 1996-1997 гг. - намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.
“Прайшлі гады, вельмі многае змянілася, змянілася я сама, змяніліся мае погляды на некаторыя рэчы, але не змяніліся мае адносіны да маёй прафесіі. За 22 гады, якія я працую, у мяне ніколі не было сумненняў, што я не там. Той энэргіяй, аурай, атмасферай, чысцінёй, якую я ўспрымаю ад дзяцей, я зараджаюся і жыву. Гэта той энергетычны зарад, які дае мне сілы, бадзёрасці, упэўненасці і веры ў тое, што я на сваім месцы. Я не здрадзіла сваёй прафесіі і ніколі ёй не здраджу, таму што мая прафесія - маё жыццё, мой лёс!” – дадае Т.Я. Калеснікава.
У 1998 годзе пачала працаваць у г. Масты. Працавала на працягу 8 гадоў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі №1. А з 2007 года і па сённяшні дзень працуе ў СШ №2 настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.
-Раскажыце, калі ласка, што паўплывала на выбар такой цяжкай і цікавай прафесіі?
-Мой выбар быў вызначаны, у першую чаргу, тым, што мая мама вельмі доўгі час працавала настаўніцай пачатковых класаў у мясцовай сельскай школе. Менавіта гэта і стала штуршком у маім выбары прафесіі.
-Што значыць для Вас быць настаўнікам? Ці быў у Вашым жыцці чалавек, якога Вы лічыце сваім галоўным настаўнікам?
-Для мяне, у першую чаргу, быць настаўнікам - гэта значыць быць проста чалавекам у любой жыццёвай сітуацыі, таму што настаўнік - гэта прафесія, а чалавек, на маю думку, – гэта самае галоўнае. Маім галоўным настаўнікам было маё жыццё, тыя выпрабаванні, якія выпалі на маім жыццёвым шляху. Менавіта ў іх загартаваўся мой характар і я рабіла для сябе нейкія пэўныя высновы, будавала нейкія адпаведныя планы для таго, каб у будучым самарэалізавацца. І на сённяшні дзень, я лічу, усё, аб чым я марыла і што мне хацелася, адбылося.
-Хто найбольш падабаецца Вам з аўтараў беларускай літаратуры?
-У мяне, як у кожнага чалавека, ёсць свае любімыя пісьменнікі. Зыходзячы з таго, што мая прафесія звязана непасрэдна з літаратурай, з кнігамі, большую перавагу я аддаю прозе. З беларускіх класікаў мне вельмі падабаецца Васіль Быкаў.
-Ці ёсць у Вас свае сакрэты прафесійнага майстэрства?
-У кожнай прафесіі, на маю думку, ёсць свае пэўныя сакрэты, не выключэнне і прафесія настаўніка. У чым сакрэт? У першую чаргу, ніколі не баяцца таго, чым ты займаешся. Гэта, відаць, звязана з тым, што калі ў чалавека штосьці не атрымліваецца, ён шукае выйсце з сітуацыі, ён робіць для сябе нейкія высновы, паметкі. І калі ў цябе гэта сёння атрымалася, заўтра жыццё можа табе прадставіць штосьці новае, і падыход у цябе да вырашэння той ці іншай праблемы ўжо будзе іншы. Самае галоўнае ў дадзеным выпадку, каб гэты падыход не нашкодзіў дзіцяці. У любой прафесіі гэта вельмі важна, а ў прафесіі настаўніка асабліва важна. Таму што прафесія ўрача і настаўніка – самыя гуманныя. Калі ўрач лечыць цела, то настаўнік лечыць душу. І ў любым выпадку павінен быць жыццёвы прынцып – не нашкодзіць.
-На Вашу думку, настаўнік – гэта прызванне ці прафесія? Раскажыце, калі ласка, чаму Вы так лічыце.
-На маю думку, зыхо-дзячы з той колькасці гадоў, якія я ўжо аддала сваёй прафесіі, настаўнік – гэта прызванне! Я так лічу таму, што калі гэта прафесія, дык мы можам хадзіць на працу дзеля таго, каб атрымліваць грошы, а калі прызванне, дык ты жывеш гэтай прафесіяй. Я з гонарам магу сказаць, што я жыву сваей прафесіяй! Гэта тое, што ў мяне ніхто не адыме, гэта тое, з чым я застануся назаўсёды.
-Як Вы лічыце, у сучасным свеце, дзе веды становяцца ўсё больш адкрытымі і даступнымі дзякуючы развіццю інтэрнэта, у чым сэнс прафесіі настаўніка?
-Я хачу сказаць, што ва ўсе часы настаўніку было працаваць складана. Праходзілі рэформы, мяняліся праграмы, розныя былі падыходы. Дзякуючы развіццю інтэрнэт-рэсурсаў прафесія настаўніка нейкім чынам дае магчымасць аблегчыць яго працу і сённяшняе пакаленне дзяцей – гэта «лічбавае» пакаленне. Чаму я так гавару. Таму што нашы дзеці ўспрымаюць інфармацыю менавіта больш даходліва і больш дапытліва, калі мы карыстаемся сродкамі інтэрнэт-рэсурсаў. Ёсць свае пэўныя плюсы і мінусы. Самы галоўны плюс заключаецца ў тым, што тую інфармацыю, якую мы атрымліваем, мы павінны разумна прымяняць, трансфармаваць на сябе, каб не вызываць агрэсію ў тым асяродку, у якім мы знаходзімся. З аднаго боку, лічыцца, што камп’ютар і іншыя дасягненні прыносяць толькі дрэннае. А з другога боку, самы галоўны і станоўчы плюс у тым, што вучань павінен разумець, што інтэрнэт-рэсурсы яму дапамагаюць развівацца.
-Што натхняе Вас у Вашай працы?
-Самае галоўнае, самае важнае, што натхняе мяне ў маёй працы, - гэта добрыя, чыстыя, адкрытыя позіркі маіх вучняў, якіх я называю мае дзеці. На маю думку, любоў да прафесіі настаўніка, у першую чаргу, павінна быць абумоўлена любоўю да дзяцей. Калі ты любіш дзяцей, то ў цябе ўсё атрымаецца. Калі адчуваеш, што гэтай любові няма, значыць табе не месца ў гэтай прафесіі, ты выпадкова туды трапіў.
-Калі б Ваш вучань або дзіця сказала, што хоча быць настаўнікам, што б Вы яму адказалі?
-Я б адказала яму такой фразай: “Ці здольны ты аддаць сваё сэрца вучням, перажываць, непакоіцца за іх, спачуваць, разумець іх?” - гэта самае галоўнае. У першую чаргу, настаўнік – гэта яшчэ і псіхолаг. Ён павінен разумець, як знайсці падыход да дзіцяці. Гэта разуменне павінна заключацца нават у тым поглядзе, з якім вучань прыйшоў на урок. Падчас, гледзячы ў вочы дзяцей, я разумею, што ўжо сёння ў яго штосьці не так, нейкія непрыемнасці, штосьці яго хвалюе, і той урок для яго не прынясе прадуктыўнасці, калі штосьці непакоіць гэтае дзіця.
-Якія рысы характару Вы лічыце самымі важнымі для паспяховага настаўніка?
-На маю думку, самай галоўнай і важнай рысай характару з’яўляецца справядлівасць. Настаўнік павінен разумець, што яго прафесійны ўзрост не вымяраецца колькасцю адпрацаваных год. Мая думка такая, што прафесійны ўзрост настаўніка вымяраецца тым, як адносяцца да яго вучні. Гэта, у першую чаргу, тая адкрытасць, з якой ідуць вучні. Калі яны бачаць перад сабой справядлівага настаўніка, вучні могуць адкрыцца перад ім, яны пакажуць усе таямніцы сваёй душы. Настаўнік сам павінен быць прыкладам. Тое, што ён гаворыць на словах, не павінна разыхо-дзіцца са справай.
-Як Вы праводзіце вольны час?
-Я свой вольны час люблю праводзіць са сваімі сябрамі. На маю думку, у любым узросце ў чалавека павінны быць сябры. Так і ў настаўніка павінна быць свая нейкая пэўная тэрыторыя. Мая тэрыторыя – мае сябры!
-Назавіце свае поспехі ў Вашай настаўніцкай кар’еры.
-У нашай настаўніцкай прафесіі нашы дасягненні – гэта поспехі нашых вучняў. Мінулы навучальны год быў вельмі плённым для мяне, хоць быў вельмі складаным. У лістападзе адбылася раённая алімпіяда па беларускай мове і літаратуры, дзе вучаніца 10 класа заняла прызавое месца. Затым у лютым вучань 10 класа прымаў удзел у навукова-практычнай канферэнцыі ў Гродне ў гімназіі №1 – ён заняў таксама прызавое месца. У сакавіку на базе гімназіі была прайшла навукова-практычная канферэнцыя і работа майго вучня заняла прызавое месца. Затым гэтая работа была адабрана ў Ліду, таксама на навукова-практычную канферэнцыю. У канцы красавіка адбылася алімпіяда сярэдняга звяна, дзе вучаніца 8 класа заняла прызавое месца. Вось гэта тыя поспехі, якімі вымяраюцца крокі настаўніцкай прафесіі. І калі заканчваецца навучальны год, я для сябе раблю своеасаблівую выснову: чаго я дасягнула, што ў мяне атрымалася, а што не, на што трэба звярнуць увагу. Мінулы навучальны год быў вельмі плённым для мяне і выніковым, але гэта не толькі мая заслуга, гэта заслуга маіх вучняў!
-Мы з Вамі ўжо шмат гаварылі пра тое, якім павінен быць настаўнік. А цяпер цікава было б даведацца, якое аблічча сучаснага вучня ў Вашым уяўленні?
-Аблічча любога чалавека вызначаецца тымі маральнымі якасцямі, якімі валодае сам чалавек. Самым галоўным і самым лёсавызначальным у асобе кожнага чалавека з’яўляецца, у першую чаргу, чалавечнасць, добразычлівасць, сяброўства, адсутнасць зайздрасці. У сённяшні час, калі чалавек не валодае гэтымі паняццямі, вельмі складана ўкласці ў яго душу, вельмі складана даць яму разуменне гэтых паняццяў, калі ён не прымае іх. Сучасны вучань – гэта той чалавек, які павінен будзе з цягам часу пакінуць сцены школы і выйсці ў самастойнае жыццё. Самым галоўным багажом павінна быць дабрыня, суперажыванне і адказнасць. Калі чалавек адказны - ён будзе адказным ва ўсім: у слове, справе, прафесіі, якую б ён ні выбраў. І яшчэ, канешне, павінен быць культурным чалавекам - гэта таксама вельмі важна, таму што грамадства, у якім мы жывем, патрабуе гэтага.
-Якую параду Вы б хацелі даць тым, хто збіраецца атрымаць прафесію настаўніка?
-Мая парада будзе вельмі кароценькай: слухайце сваё сэрца і сваю душу. Калі ў вас ёсць вось гэты кліч, ёсць у вас вось гэты дар быць менавіта ў гэтай прафесіі - вы абавязкова будзеце там.
Там, дзе маё сэрца, якое я аддаю дзецям, там павінен быць парадак і павінна быць утульна. У першую чаргу, павінна быць утульна не толькі мне, а іменна ім. Яшчэ любы ўрок настаўнік павінен пачынаць з усмешкі. Ад таго настрою, з якім ён прыходзіць да сваіх вучняў, будзе залежаць, як пойдзе ўспрыманне той ці іншай інфармацыі. Калі ўрок пачнецца з пазітыўнага псіхалагічнага настрою -- у нас усё атрымаецца! Я заўсёды заходжу ў клас з дабрынёй і ўсмешкай. Такой жа дабрыні і ўсмешкі я чакаю і ад сваіх дзяцей.
Д. ІВАНОВІЧ,студэнтка 4 курса філалагічнага факультэтаГродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад