Як і пяцьдзесят год назад, Ірыне Іванаўне і Леаніду Паўлавічу Горным з вёскі Букштава госці крычалі: “Горка!”, бо ні адно вяселле, а тым больш залатое, не абыходзіцца без гэтага. І гучней за іншых крычалі “Горка!” і радаваліся за бацькоў і бабулю з дзядулем сын, дзве дачкі і ўнукі. А з якім натхненнем і пачуццём спявалі ўнукі: “Бабуля побач з дзядулем, зноў яны жаніх і нявеста”. А ўнукаў у шаноўных жаніха і нявесты шасцёра, падрастае і маленькая праўнучка Злата. Букет і віншавальную паштоўку перадалі юбілярам былыя калегі. Да выхаду на пенсію Ірына Іванаўна шаснаццаць год адпрацавала галоўным бухгалтарам у тагачасным калгасе “Шчара”.
На такія прыгожыя юбілеі ў бацькоўскай хаце звычайна цесна ад гасцей, збіраюцца не толькі дзеці, унукі, праўнукі. А якое свята без баяна і песень! Цэлую канцэртную праграму падрыхтавалі для залатых юбіляраў работнікі Азёркаўскага сельскага клуба Галіна Антонаўна Шалястовіч і Ірына Мікалаеўна Шалястовіч. Яны песнямі, якія Ірына Іванаўна і Леанід Паўлавіч слухалі і спявалі ў дні сваёй маладосці, расчулілі залатых маладых да слёз, вярнулі ўспамінамі ў дні далёкай маладосці, калі яны, двое шчаслівых закаханых, яшчэ школьнікі, прызначаюць спатканне каля свайго любімага разгалістага дуба, і ўсё жыццё ў іх яшчэ наперадзе. Успомнілі, што ў дзень іх вяселля, 28 лістапада 1964 года, надвор’е было, як і сёлета: яшчэ не зіма, але ўжо і не восень.
Як імгненне праляцелі гады, а здаецца, што ўсё гэта было ўчора. Ірына Іванаўна і сёння, праз паўстагоддзя сумеснага жыцця з мужам, лічыць сябе шчаслівай жанчынай: -- Я ўсім сваім дочкам, унучкам і праўнучцы хацела б пажадаць такога мужа, як мой Лёнік. Не думала, што мы з ім дажывем да залатога вяселля. Каб ні хвароба, што падкасіла маё здароўе, на ўрачыстасць паклікалі б усіх суседзяў, былых калег па рабоце, закацілі б у калгаснай сталоўцы банкет на ўвесь свет. А так давялося сабраць у сваім доме толькі самых блізкіх. Дзякуй дзецям, унукам, нявестцы, зяцям і, вядома ж, мясцовым работнікам культуры, што арганізавалі і развесялілі нас з мужам і гасцей, - выказвае ўдзячнасць Ірына Іванаўна.
Раман Ірыны і Леаніда пачаўся яшчэ ў школьныя гады. Далёка не ва ўсіх першае школьнае пачуццё вытрымлівае праверку часам на трываласць і сур’ёзнасць. Да прыняцця рашэння аб стварэнні сям’і маладыя людзі таксама ішлі доўга, амаль дзясяць гадоў. Але затое паўвека яны аберагаюць сваё каханне, з’яўляючыся прыкладам для ўласных дзяцей і ўнукаў, для аднавяскоўцаў.
І ў іх жыцці магло б усё скласціся паіншаму, але ад свайго лёсу не ўцячэш. Ірына, як некаторыя яе равеснікі, марыла паехаць у горад і ўладкавацца там на работу: -- Нас з братам мама гадавала адна. Было цяжкавата, мама многа працавала на калгаснай рабоце і на ўласнай гаспадарцы. Мы дапамагалі ёй, як маглі. Магчыма, у горад я хацела адправіцца ў пошуках шчаслівейшай долі. Сёння ўжо дакладна і не памятаю, што перашкодзіла мне стаць гараджанкай,успамінае Ірына Іванаўна. Марыла пра горад, а ўсё жыццё пражыла ў вёсцы. Працавала на розных работах, доўгі час рабіла свінаркай. Ужо будучы мамай траіх дзяцей, завочна закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Праўда, да доўгачаканага дыплома ішла цэлых дзесяць гадоў, зза малых дзяцей даводзілася браць акадэмічныя водпускі. А, можа, прычынай, каб застацца, была мама. Я вельмі яе шкадавала і не магла пакінуць адну. Мама так усё жыццё і пражыла пры нас з мужам, -- працягвае ўспаміны жанчына.
Леанід Паўлавіч таксама ненадоўга пакідаў сваю вёску. У пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя ён па камсамольскай пуцёўцы паехаў на асваенне цалінных зямель. -- Працаваць мне выпала камбайнерам у Паўладарскай і Кустанайскай абласцях. Жылі мы ў вагончыках. Выйдзеш раніцай з вагончыка, і куды ні глянь бяскрайні стэп. І ніводнага дрэўца вакол. Я чамусьці больш за ўсё сумаваў па беларускіх лясах. Адным словам, стэп мяне не зацікавіў і не захапіў, і я вярнуўся дамоў, -- успамінае Леанід Паўлавіч цалінную эпапею.
У роднай вёсцы Букштава дарогі Ірыны Іванаўны і Леаніда Паўлавіча сышліся ў адну. Паўстагоддзя яны крочаць побач, здолеўшы зберагчы каханне і вернасць адзін другому, з’яўляючыся прыкладам для пераймання. Менавіта за гэта дзеці і ўнукі ўручылі ім на залатым вяселлі своеасаблівы дыплом шчаслівага сямейнага жыцця.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад