У рамках мерапрыемстваў шостага школьнага дня мы ажыццявілі незабыўнае падарожжа – фальклорную вандроўку “Сцяжынкамі роднай зямлі” ў суседнюю вёску Дарагляны.
Калісьці гэта была вялікая вёска з трох вуліц, якія з розных бакоў сыходзіліся на ўзгорку і ўтваралі дзіўнае скрыжаванне. Тут была пачатковая школа, магазін, лазня. Вёска і сёння здаецца вялікай, але жылых дамоў засталося зусім нямнога. У самым канцы вуліцы мы і адшукалі такі. Звонку ён нават захоўвае традыцыйны выгляд пабудоў мінулага стагоддзя: сцены неашаляваныя, пафарбаваныя ў цёмна-зялёны колер, вокны са звычайнымі драўлянымі рамамі. Нават буслянка ёсць на электрычным слупе побач з домам! Вялікі двор сустрэў звычайнай густой травой, а не тратуарнай пліткай, як гэта можна бачыць зараз на многх вясковых падворках.
На парозе нас сустрэла гаспадыня ўсяго гэтага – Марыя Андала, або проста баба Маша, як завуць яе ўсе родныя і знаёмыя. Сустрэла не проста, а з караваем, які знарок спякла для гасцей-вандроўнікаў. Яшчэ з парога на нас дыхнула цяплом напаленай печы і апетытным пахам смажанага сала з каўбасой і блінамі. Такую страву, як расказала баба Маша, заўсёды называлі “мачанкай”. Трэба было бачыць, з якім задавальненнем мы абмочвалі бліны ў скавараду-патэльню, а потым неслі іх у рот!
Хата бабы Машы, простая звонку, унутры ўразіла нас сваёй утульнасцю і дагледжанасцю, нягледзячы на тое, што гаспадыні ўжо за 80! Уразіла вялікая печ, на якой мы нават пасядзелі ўсе разам. Бабуля з замілаваннем успамінала, з якой радасцю яны, вясковыя дзеці, набегаўшыся па заснежанай уліцы, узбіраліся на печ, каб пагрэцца! А яшчэ клалі на печ прасушыць мокрыя ад снегу валёнкі, а ў пячуркі – вязаныя з авечай шэрсці рукавіцы. А раніцай усё гэта, сухое і цёплае, абувалі і надзявалі і ішлі ў вясковую школку. Цікава было, што і казаць! Шкада, што зараз такіх зім, з траскучым марозам ды снегам пад самыя вокны, даўно няма!
У пярэднім пакоі, які ў вясковых хатах традыцыйна з’яўляецца і кухняй, баба Маша зладзіла сапраўдныя пасядзелкі. На стале, засланым вышываным абрусам, на чале з “мачанкай” хутка з’явіліся салёныя агуркі і каўбаса з сырам. Над усім гэтым узвышаўся збан з сокам. Сядзелі на лаўках, засцеленых вытканымі калісьці на кроснах радзюжкамі. Іх гаспадыня беражліва захоўвае для ўнукаў. І, нарэшце, сапраўдным задавальненнем сталі народныя песні, якія праспявалі разам з бабай Машай настаўнікі, а вучні пядпявалі на паўторах. Меладычна, шматгалосна гучалі “Шумяць вербы”, “Выпраўляла маці”, “Цячэ вада ў ярок”. Прычым спявалі без усякіх “мінусовак” і нават без музычнага інструмента, які, як на зло, сапсаваўся ў дарозе. Так і хацелася выйсці на вуліцу, сесці на лаўку каля хаты і пераспяваць такіх жа спевакоў на другім канцы вуліцы. Менавіта так раней моладзь, напрацаваўшыся за дзень разам з бацькамі, пад вечар праводзіла вольны час. Не было, вядома, ні клубаў з дыскатэкамі, ні смартфонаў. Самай вялікай радасцю было за грошы наняць гарманіста, аднаго на некалькі вёсак, каб пайграў на танцах. І ўсім было весела і цікава!
На развітанне Марыя Аляксандраўна перадала для нашага музея драўляную маслабойку, якая завалялася на гарышчы. Перапоўненыя ўдзячнасцю і новымі думкамі, мы вярнуліся ў родную Азёркаўскую школу. Мы – гэта вучні 7-8 класаў Вікторыя Аніперка, Давід Пась, Уладзіслаў Корэц, Варвара Шэлястовіч. І, вядома, настаўнікі В. А. Мармыш, Т. А. Халецкая, І. А. Гарбацэвіч. Седзячы ў “Беларускай сялянскай хатцы” нашага музея, яшчэ доўга дзяліліся ўражаннямі. Нават не хацелася здымаць з сябе народныя касцюмы, каб надалей захаваць успаміны аб сапраўдным падарожжы ў мінулае.
Ірына ГАРБАЦЭВІЧ,
кіраўнік школьнага музея“Наша спадчына”
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад