Вынікі рэспубліканскага конкурсу дзіцячых вучэбна-даследчых работ “Я родным краем ганаруся” парадавалі педагогаў і вучняў Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета. Дзесяцікласніца Карына Авярук і дзевяцікласніца Крысціна Пабежка сталі пераможцамі конкурсу ў намінацыі “Знакамітыя землякі”.
Да конкурсу дзяўчаты рыхтаваліся разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Аленай Вячаславаўнай Лука. Пэўную дапамогу аказала і кіраўнік школьнага музея Ларыса Уладзіміраўна Эйсмант. Тым больш, што і Карына, і Крысціна з’яўляюцца экскурсаводамі музея, а Крысціна падчас тэатралізаванай экскурсіі якраз і іграе ролю Элізы Ажэшкі.
Сваю даследчую работу дзяўчаты абаранялі, знаходзячыся ў нацыянальным дзіцячым адукацыйнааздараўленчым цэнтры “Зубраня”, дзе адбыўся фінальны этап конкурсу. На суд журы ад устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці была прадстаўлена 81 работа, фіналістамі і ўдзельнікамі змены сталі аўтары 20 лепшых праектаў.
Мы прапанавалі праект турыстычнага маршруту па гістарычных мясцінах, якія звязаны з жыццём і творчасцю класіка сусветнай літаратуры Элізы Ажэшкі, расказваюць нашы субяседніцы. – Вялікім гонарам для нас было прадстаўляць вёску Лунна і яе ваколіцы, што сталі асновай рамана Э.Ажэшкі “Над Нёманам” і яе знакамітых нарысаў “Людзі і кветкі над Нёманам”.
Абарона праекта была пабудавана ў выглядзе дыялогу двух эпох: сучаснасці і мінулага. Цяперашні час прадстаўляла сучасніца, якая распавядала пра гістарычныя здабыткі краю з пункту гледжання сучасных уяўленняў. Мінулае ж паўстала ў вобразе самой пісьменніцы, якая расказвае пра тыя мясціны, якія яна вельмі любіла наведваць, а пасля апісала ў сваіх творах.
Акрамя таго, у нашым праекце распрацаваны план шэрагу мерапрыемстваў, якія дазволілі б названы турыстычны маршрут зрабіць яшчэ больш прывабным, і не толькі для аматараў літаратуры, але для ўсіх, хто любіць прыроду і актыўны адпачынак, удакладняюць дзяўчаты. – Мы прапанавалі аднавіць канюшні і вучыць верхавой яздзе, падчас экскурсіі наведаць кузню і атрымаць майстарклас па кавальскай справе, а яшчэ адпачыць на беразе Нёмана і падсілкавацца абедам з нацыянальных страў. Добра было б, каб з’явіўся зацікаўлены ва ўсім гэтым спонсар ці мецэнат.
Таксама распрацаваная экскурсія прапануе наведванне геалагічнага агалення Самастрэльнікі, якое ўзнікла прыблізна 115 тысяч гадоў таму і яшчэ багата рэшткамі старажытнай флоры ў колькасці 101 віду.Рамантычна настроеных асоб, канешне ж, зацікавіць помнік Яну і Цыцыліі. Як сцвярджае легенда, яны паходзілі з розных саслоўя, але вельмі кахалі адзін аднаго, таму збеглі і пасяліліся ў лесе, каб быць заўсёды разам. Кажуць, што менавіта яны былі заснавальнікамі вёскі Багатырэвічы.
Прыпынкамі дадзенага турыстычнага маршруту з’яўляюцца і магіла сарака паўстанцам 1863 года, і помнік архітэктуры позняга класіцызму 1782 года – касцёл Святой Ганны ў Лунна. Дарэчы, грошы на яго пабудову ахвяравала каралева Польская і Вялікая княгіня Літоўская Бона Сфорца, а пры князі ДруцкімЛюбецкім, у 1895 годзе, храм быў фундаментальна перабудаваны і набыў расы неакласіцызму.
Праводзячы летнія месяцы ў суседняй вёсцы Мінявічы, Эліза Ажэшка часта наведвала лунненскі касцёл. Яна нават фінансавала будаўніцтва алтара, адзначаюць нашы юныя экскурсаводы Карына і Крысціна. – А яшчэ Эліза захаплялася вялізнымі акацыямі, якіх больш нідзе не бачыла ў нашым клімаце.
Слухаючы, з якім гонарам, заўзятасцю і зацікаўленасцю дзяўчаты распавядаюць пра сваю малую радзіму і асобу Элізы Ажэшкі, не ўзнікае сумненняў у тым, што гэты расказ можа пакінуць кагосьці абыякавым. На развітанне Карына і Крысціна запрасілі ўсіх у Лунна, каб увачавідкі пабачыць усё і дакрануцца да гісторыі.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота С.ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад