У верасні ў Нацыяльнай бібліятэцы Беларусі прайшло ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага паэтычнага конкурсу, аб’яўленага Фондам міра. Сярод прызёраў з усёй краіны была і юная Марыя Шчарбіна з Гудзевіч.
Толькі ў Гродзенскай вобласці ў конкурсе, што праводзіўся па ініцыятыве Беларускага фонда міра сумесна з міністэрствамі адукацыі, культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынялі ўдзел больш за 300 навучэнцаў. У нашым раёне ўдзельнікамі творчага спаборніцтва сталі 24 юныя дараванні. Многія рабяты ў сваіх работах выкарысталі сямейныя гісторыі, старонкі гістарычнага мінулага нашага народа, а таксама падзеі, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны давялося перажыць іх прадзядулям і прабабулям. Напэўна, менавіта таму яны атрымаліся надзвычай пранікнёнымі, шчырымі, не па-дзіцячы глыбокімі і эмацыянальнымі.
А вось Маша Шчарбіна ў сваім вершы, які яна назвала “Сапраўднае шчасце”, расказала пра простыя і зразумелыя кожнаму рэчы, што і складаюць шчасце – як яна прачынаецца, пачынае свой дзень з усмешкі і добрага прывітання з сонцам, птушкамі, сваімі роднымі і блізкімі, любімым аграгарадком і ўсёй краінай.
Менавіта яе творчая работа ўвайшла ў зборнік “Дзеці за мір”, прэзентацыя якога адбылася падчас мерапрыемства ў Нацыянальнай бібліятэцы. Марыі, як і астатнім рабятам, што былі запрошаны на ўрачыстасць у сталіцу, быў падараваны экзэмпляр кнігі.
- Мне вельмі спадабалася ў Мінску. Упершыню я была ў бібліятэцы, даведалася шмат цікавага пра яе і кнігі з праведзенай для нас экскурсіі. Асабліва запомнілася наведванне назіральнай пляцоўкі, што знаходзіцца на 23 паверсе будынка бібліятэкі, які нагадвае дыямент. Падымаліся мы туды на панарамным ліфце, з якога ўсё відаць, - падзялілася ўражаннямі пяцікласніца Гудзевіцкай сярэдняй школы Марыя Шчарбіна.
Да слова, свой пакуль што адзіны верш дзяўчынка сачыніла, калі рыхтавалася да раённага этапа конкурсу “Жывая класіка”. Разам з матуляй яна вучыла, а затым дэкламавала верш Ніла Гілевіча “Балада пра чырвоны каснічок” і, дарэчы, была названа сярод пераможцаў. У падобным стылі была напісана і яе творчая работа.
З паспяховым стартам на паэтычным конкурсе Марыю павіншавалі родныя, сябры, аднакласнікі і настаўнікі. Да добрых слоў віншаванняў далучылася і старшыня Мастоўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міра” Ала Зябліцава:
- Мы рады за Машу, спадзяёмся на яе творчы патэнцыял і ў далейшым. Прыемна, што верш нашай юнай зямлячкі ўвайшоў у кнігу “Дзеці за мір”, якая атрымалася вельмі светлай і пазітыўнай. Яна будзе эксклюзіўнай, яе нельга будзе купіць, а толькі атрымаць у падарунак, напрыклад, на розных міратворчых мерапрыемствах.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад