Сям'я, дзеці - гэта адзінае сапраўднае багацце. Так лічыць наша суразмоўца, клапатлівая жонка і матуля, якая нядаўна атрымала ордэн Маці, сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна Наталля Мякека. І яшчэ як мінімум шасцёра членаў іх дружнай моцнай сям’і.
Сям’я – гэта не толькі сумесныя святы, падарункі і радасныя імгненні жыцця. Гэта штодзённая карпатлівая праца і бесперапынны выхаваўчы працэс, які закранае кожнага. Галоўнае ў сям’і – любоў, добразычлівасць, давер, узаемаразуменне, цёплыя, пяшчотныя адносіны паміж дарослымі і дзецьмі.
З такім перакананнем сям’я Мякека, дзе падрастае пяцёра дзяцей, жыве ўжо 15 гадоў. У выхаванне кожнага з двух сыноў і трох дачок Віктар Аляксандравіч і Наталля Пятроўна ўкладваюць душу, не шкадуючы для гэтага ні часу, ні сіл, а ад вынікаў атрымліваюць вялікае маральнае задавальненне.
– Старэйшы сын Данііл, акрамя сваёй выдатнай вучобы ў СШ №5, радуе нас поспехамі ў дзіцячай школе мастацтваў, дзе ён займаецца па класу гітары і духавых інструментаў. Як і большасць хлапчукоў, ён вельмі любіць паганяць мяч у двары, – расказвае Наталля Пятроўна. – Рознабаковыя творчыя здольнасці праяўляе і Ганна. Яна іграе на флейце, займаецца вакалам, выдатна малюе і захапляецца рукадзеллем. Ігрой на скрыпцы і ўдзелам у спартыўных спаборніцтвах запаўняе свой вольны час Дар’я. Усе яны прымаюць актыўны ўдзел у творчых справаздачах і канцэртах, што ладзяцца ў школе і падчас раённых святаў.
Стараецца адпавядаць старэйшым сёстрам і брату, прыкладае намаганні, каб мець такія ж поспехі і дасягненні, і сямігадовы Арцём. Асаблівым цяплом, увагай і клопатам у сям’і Мякека атулена самая малодшая дачушка Настасся, якая і сама з’яўляецца вытокам радасці і любові.
Пагадзіцеся, што ў жыцці мала проста мець талент. Патрэбны намаганні, цярпенне, уменне працаваць над сабой і – абавязкова – падтрымка бацькоў. У сям’і Мякека бацька і маці – першыя дарадчыкі і саюзнікі сваім дзецям: разам на канцэрты, разам працуюць на дачы і рамантуюць нядаўна атрыманыя кватэры, разам падарожнічаюць па Гродзеншчыне на аўтамабілі, не забыўшыся пра бабулю, разам гатуюць піццу, пякуць пячэнне і лепяць хатнія пельмені.
На сваім прыкладзе бацькі вучаць дзяцей рабіць дабро, добрасумленна працаваць, клапаціцца пра тых, каму патрэбна дапамога і абарона, быць добразычлівымі, уважлівымі адзін да аднаго.
Прынамсі, гэтаму садзейнічае і прафесія Наталлі Пятроўны, якая з 2015 года працуе сацыяльным работнікам. А тут без чуласці, прыветлівасці, умення выслухаць і падтрымаць не абысціся. І нават зараз, знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, наша субяседніца цікавіцца справамі сваіх былых падапечных, падтрымлівае сувязі з імі.
Усё можа змайстраваць сваімі рукамі, падставіць плячо дапамогі сябрам і атуліць клопатам родных і Віктар Аляксандравіч, які працуе электраманцёрам у фанерным цэху ААТ “Мастоўдрэў”. Сумленны працаўнік, клапатлівы бацька і муж, ён з’яўляецца асновай, надзейным падмуркам сямейнай гармоніі.
Самае вялікае бацькоўскае шчасце – бачыць разумных, удзячных і паспяховых дзяцей, упэўнены муж і жонка Мякекі.
Н. ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад