Крыху больш за дзясятак гадоў таму назад на палях Мастоўшчыны з’явіліся магутныя энерганасычаныя трактары чырвонага колеру “Беларус-3522” і “Беларус-3022”. Пад капотам у іх “табун” коней: у першага 364 конскія сілы, у другога 300.
– Нашы гаспадаркі ахвотна купляюць энерганасычаную тэхніку, нягледзячы на яе немалую цану, – гаворыць намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці па механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Харытонаў. – Вось і нядаўна ў філіяле “Дубна” набылі “Беларус-3522”. Усяго ў гаспадарках раёна ўжо маецца 39 энерганасычаных трактароў. Найбольш іх у КСУП “Імя Адама Міцкевіча” – 10. Гэтыя трактары заняты на цяжкіх і працаёмкіх работах: ворыве, апрацоўцы глебы глыбокарыхліцелямі і дыскаванні, возцы і раскідванні арганічных угнаенняў, касьбе траў касілкамі КМР-9, а зараз з прычэпамі возяць цукровыя буракі, дастаўляюць у спецыяльнай тары вадкія ўгнаенні і г.д. У своечасовым выкананні сельгасработ іх немалая заслуга. На гэтых трактарах працуюць, як правіла, самыя вопытныя механізатары.
Прайшоў час, калі механізатары зайздросцілі тым сваім калегам, што працавалі на Джон-Дзірах. Яны і зараз па аднаму-два ёсць у гаспадарках, але асноўныя віды работ ужо выконваюць беларускія волаты Мінскага трактарнага завода.
Праўда, яшчэ нядаўна такім лічыўся “Беларус-1221”, які мае стадваццацісільны рухавік. Пасля трактароў савецкага часу МТЗ-80, МТЗ-82 ён і сапраўды быў па-за канкурэнцыяй. Але хутка ў серыю пайшлі намнога больш магутныя трактары, і пры недахопе механізатараў яны ўзялі на сябе асноўны цяжар работ. Цяпер энерганасычаныя трактары на палях – трэнд апошняга дзесяцігоддзя. Кожнаму даводзілася бачыць, як “Беларус-3522” цягне за сабой дзевяцікорпусны плуг ці косіць траву дзевяціметровай шыроказахопнай касілкай. Не пяць-шэсць, а дзясяткі гектараў апрацаванага поля ці сенажаці пакідае ён за сабой за дзень.
Мы пабывалі ў КСУП “Імя Адама Міцкевіча”, дзе энерганасычаных трактароў найбольш. На іх працуюць механізатары Валянцін Стасевіч, Іван Дзяйкала, Максім Максіменка, Павел Клімчук, Віктар Чарніцкі, Яўген Жук, Пётр Якубец, Міраслаў Цяслоўскі, Станіслаў Мацейчык. Акрамя іх, на адзіным у гаспадарцы Джон-Дзіры працуе Андрэй Жвірбля.
Дзесяць гадоў назад КСУП “Імя Адама Міцкевіча” купіла “Беларус-3522”. Гэта быў адзін з першых энерганасычаных трактароў у гаспадарцы. Яго даверылі механізатару Валянціну Стасевічу.
– Не баяліся сесці на такую вялікую і камп’ютарызаваную машыну? – спыталі мы ў механізатара.
– Падумаў, што асвою я гэты трактар, бо да гэтага працаваў на розных марках “Беларусаў”, – адказаў Валянцін Часлававіч. – Пакуль ён быў на гарантыі, выкарыстаў парады завадскіх спецыялістаў. А так нічога, асвоіў новую тэхніку хутка і ўжо дзесяць гадоў працую на ёй.
У гэтым годзе здарылася паломка ў рухавіку трактара. У спецыялізаваным прадпрыемстве яго хутка адрамантавалі, і трактар цяпер праходзіць абкатку.
– Работы для такой тэхнікі шмат нават восенню, – гаворыць механізатар, – і ворыва трэба весці, і арганіку вазіць, і прычэп часамі падчапіць.
– Зразумела, што на энерганасычаных трактарах працуюць самыя добрасумленныя механізатары, бо тэхніка складаная, патрабуе умелых рук і пэўнага вопыту і майстэрства, – расказвае галоўны інжынер КСУП “Імя Адама Міцкевіча” Уладзімір Пурплеўскі. – Але і маладым механізатарам варта даваць дарогу. Калі гаспадарка ў 2020 годзе атрымала новы “Беларус-3522”, месца ў кабіне заняў Іван Дзяйкала. Вось ужо тры гады паказвае на ім высокую выпрацоўку, зараз заняты на ворыве. А ў гэтым годзе за руль “Беларус-3022” сеў другі малады механізатар Максім Максіменка. Таксама зараз працуе на ворыве і дабіваецца поспехаў. Вядома, адразу за руль энерганасычанага трактара ніхто маладога механізатара не садзіць. Яны праходзяць навучанне і двухтыднёвую стажыроўку у вопытных механізатараў. Калі ўсё добра, пачынаюць працаваць самастойна.
Івана Дзяйкалу мы сфатаграфавалі ў кабіне яго новага “Беларуса-3522”. Ён расказаў, як упраўляецца з усім гэтым камп’ютарным абсталяваннем. Калі сядзіш у кабіне новага “Беларуса” ў акружэнні дысплеяў, разумееш, як далёка пайшоў у распрацоўцы сучаснай энерганасычанай тэхнікі Мінскі трактарны завод. І як добра, што ў нас, на Мастоўшчыне, ёсць людзі, якія ўмеюць і любяць працаваць на такой тэхніцы.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад