Што можна зрабіць з кляновых лісцяў? Напэўна, толькі па-ставіць у букет ці, засушаныя, выкарыстаць у тэхніцы экібана, адкажаце вы. А вось юная жыхарка вёскі Зарудаўе Жэня Броўкіна з кляновых лістоў умее рабіць... кветкі.Вышываныя падушкі, прыгожыя вырабы з бісеру, кветкі з лісцяў дрэў, падзелкі з пластыліну – усё гэта можна ўбачыць на выстаўцы работ Жэні, што арганізавана ў Зарудаўеўскай сельскай бібліятэцы.
-- Калі я яшчэ вучылася ў пачатковых класах, то наведвала дзіцячы клуб “Буслік”, што працуе пры бібліятэцы, — расказвае наша субяседніца. – Там мы абмяркоўвалі прачытаныя кнігі, праводзілі конкурсы, віктарыны, літаратурныя гульні, а таксама займаліся вырабам падзелак з прыроднага матэрыялу, якія на святы дарылі бацькам. Напэўна, адтуль і пайшло маё захапленне.
Дзіўна, але дзяўчына сама, пры дапамозе кніг і часопісаў, навучылася маляваць і ляпіць, а не так даўно асвоіла тэхніку бісерапляцення.— У вольны час вельмі люблю плесці кветкі, бабачкі, пчолкі, дрэвы і розныя ўпрыгожванні, — працягвае Яўгенія. – Нядаўна сваімі рукамі зрабіла падарунак сястры Кацярыне. А яшчэ і другіх вучу таму, што сама ўмею.
Словы дзяўчыны пацвярджае і бібліятэкар Зарудаўеўскай бібліятэкі Марыя Уладзіміраўна Рахунок, якая некалі заўважыла творчую “нітачку” Жэні, а зараз займалася арганізацыяй яе выстаўкі:
— Сапраўды, нядаўна мая ўнучка Таццяна прыносіць галінку з бісеру і хваліцца: “Глядзі, бабуля, гэта мне Жэнька дапамагла сплесці”. Яе работамі захапляюцца ўсе, хто наведвае бібліятэку. Пахвалілі дзяўчыну за здольнасці і талент Вера Пятроўна Красоўская, Галіна Уладзіміраўна Дзенісевіч, Таісія Аляксандраўна Навіцкая і іншыя зарудаўцы. А дзяцей дык, увогуле, не адагнаць ад выставы – так і хочацца ім рукамі пацерабіць усю гэтую прыгажосць. Спадзяёмся, што гэтыя ўменні дапамогуць Жэні ў выбары яе будучай прафесіі, вызначыцца з якой патрэбна будзе ўжо праз год.
Н. ШЭЎЧЫКНа здымках: Яўгенія БРОЎКІНА і яе работы.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад