У вёсцы Парфёнавічы па-суседску з маёй мамай жыве цудоўная жанчына-доўгажыхарка Ядвіга Ануфрыеўна Ланец, якой 21 снежня споўнілася 90 гадоў. Яе летапіс жыцця—гісторыя нашай вёскі.
Ядвіга Ануфрыеўна, як і ўсе старэйшыя вяскоўцы, любіць пасядзець па лавачцы. Падсядзеш да яе і пачуеш ні адну гісторыю жыцця, успаміны пра яго шчаслівыя і горкія хвіліны. Хочацца ёй адкрыць душу людзям, якія яе зразумеюць, падтрымаюць.
Слухаеш яе ўспаміны, і перад вачыма паўстае перажытае і пражытае, як у старым чорна-белым кіно. А жыццё гэтай жанчыны было нялёгкім, з выкрунтасамі і перапляценнямі, як ніткі ў заблытаным матку. Я добра ведаю Ядвігу Ануфрыеўну і пераканана, што яна за-слугоўвае лепшага. Але, як гаворыцца, свой лёс і на кані не аб’едзеш і ні з кім не заменішся.
Ядвіга Ануфрыеўна вызначаецца сярод вяскоўцаў дабрынёй і спагадлівасцю. Гэтая жанчына гасцінна і ветліва сустракае кожнага, хто адчыняе дзверы яе хаты, стараецца накрыць стол для гасцей. Чалавек яна шчыры і гасцінны, не можа да людзей адносіцца інакш. Жыццё не песціла Ядвігу Ануфрыеўну. Яна рана засталася без маці, у поўнай ступені адчула і спазнала, што такое сірочы хлеб. Нялёгка жылося і замужам. Вялікая сям’я, малыя дзеці, праца на ферме і па гаспадарцы амаль не пакідала часу на адпачынак. Муж яе працаваў брыгадзірам і па характару быў чалавекам суровым. Калі хтосьці з жанчын не прапалоў дзялку буракоў, значыць, ты, брыгадзірава жонка, павінна іх прапалоць, каб падтрымаць аўтарытэт мужа.
Выручалі дзеці, іх было ў сям’і сямёра. Праўда, два сыночкі і дачушку пахавала яшчэ малымі. І сёння са слязьмі ўспа-мінае, як несла дамоў мёртвае цельца чатырохгадовага сыночка з бальніцы, каб пахаваць па-людску. Як гэта ўсё змагло вытрымаць мацярынскае сэрца?! Але яно моцнае, яно здольна ўсё перажыць...
Жыццё не стаіць на месцы. А бяда зноў на парозе хаты: раптоўна памірае муж. Праз некалькі гадоў смерць вырывае з жыцця на пяць-дзесят чацвёртым годзе і дачку Марысю. Слёзы не высыхаюць на вачах у Ядвігі Ануфрыеўны. Гэтыя страты наклалі адбітак на здароўе гэтай моцнай і вынослівай жанчыны.
Жыццё выпрабоўвала жанчыну не раз, але не зламала яе. Яна выстаяла: у працы, у клопатах пра дзяцей, унукаў і праўнукаў яна бачыць сэнс свайго жыцця. ”Пражыла жыццё на зямлі, яна, зямелька-маці, дапамагла выстаяць, утрымацца, Хай і дзеці мае жывуць доўга, і ўнукі, і праўнукі”, — гаворыць жанчына-маці і змахвае са шчакі слязінку рукой, на якой выразныя сінія жылкі, нібы жыватворныя ручайкі і рэкі на нашай зямлі…
Т. КУЛЬ, в. Парфёнавічы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад