21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, вучні дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №3 г. Масты” правялі акцыю “Рускай мове дай разгрузку, размаўляй па-беларуску!”.
Дзяўчаты ў нацыянальным адзенні заклікалі ўсіх больш актыўна гаварыць на сваёй роднай мове. На гэты раз беларускае слова загучала не толькі на ўроках мовы, але і на перапынках. Не засталіся ў баку ад гэтага свята і супрацоўнікі школы. У акцыі “Пішам дыктант разам” прынялі ўдзел усе жадаючыя.
Свята доўжылася ўвесь дзень. На перапынках гучалі беларускія песні, у 1 – 11 класах прайшлі інфармацыйныя гадзіны “Родная мова – матчына мова”. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры правялі алімпійскія гульні “Ведай роднае слова”. Працавала выстава “Адчуванне роднай мовы”. Асноўная яе ідэя – звярнуць увагу на непараўнальнае, сакавітае гучанне і спецыфічны каларыт роднай мовы.
Гэта дата асаблівая для кожнай нацыі, кожнага народа. Для беларусаў – яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы.
Хочацца верыць, што такія мерапрыемствы будуць спрыяць пашырэнню сферы выкарыстання і папулярызацыі беларускай мовы, выхаванню павагі да роднай мовы. А для пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзін дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі размаўляць па-беларуску.
А. КОЦКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Фота прадастаўлена
СШ №3 г. Масты
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад