Выстаўка абразоў, вышытых бісерам і ўпрыгожаных паўкаштоўнымі камянямі і жэмчугам, з калекцыі матушкі Святланы Семашкевіч з Воранаўскага раёна арганізавана ў Мастоўскім дзяржаўным музеі “Лес і чалавек”.
Урачыстае адкрыццё выстаўкі адбылося 28 сакавіка. На мерапрыемстве прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Марына Осіпаўна Давыдзік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Дзяйкала, настаяцель Свята-Ільінскай царквы айцец Уладзімір, свяшчэннік храма іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” айцец Ігар, паэт Мікалай Пятровіч Іваноўскі, а таксама мастаўчане.
-- Часта веруючыя называюць ікону ўзвышана і паэтычна – акном у духоўны свет. І гэта невыпадкова, бо менавіта з абраза для многіх пачынаецца шлях да Бога. Магчыма, камусьці гэтую дарогу падкажа і асветліць і наша выстаўка, якую мы адкрываем напярэдадні Вялікадня, -- падкрэсліла дырэктар музея Наталля Анатольеўна Пуцілоўская.
Аўтар прадстаўленых работ – матушка Святлана Семашкевіч – з’яўляецца рэгентам царкоўнага хору ў храме ў гонар прападобнай Ефрасініі, што будуецца ў гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна. Ужо амаль 20 гадоў жанчына займаецца вышываннем абразоў бісерам. Лікі святых, Багародзіцы выконваюць іканапісцы, а аправу іконы матушка выконвае з бісеру, упрыгожвае паўкаштоўнымі камянямі і жэмчугам.
Настацель Свята-Ільінскай царквы айцец Уладзімір адзначыў, што работы матушкі не пакідаюць раўнадушнымі. Яны напоўнены нейкім незвычайным светам, цяплом, любоўю, светлай душэўнай радасцю, якой хочацца дзяліцца. Невялікі экскурс у гісторыю іканапісу правёў айцец Ігар. Таксама святары павіншавалі ўсіх прысутных з надыходзячымі святамі, пажадалі здароўя, бадзёрасці духу і хрысціянскага настрою.
Вельмі дарэчы прыйшліся і вершы на рэлігійную тэматыку, прачытаныя аўтарам – паэтам Мікалаем Пятровічам Іваноўскім.
Выстаўка “Рукатворны цуд” будзе радаваць мастаўчан на працягу месяца. А падчас закрыцця матушка Святлана Семашкевіч абяцала даць майстар-клас і раскрыць некаторыя сакрэты вышывання з бісеру.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад