Восень – самы прыгожы час. Гэта своеасаблівы золак чалавечага жыцця. Восенню мы асабліва скрупулёзна і па-філасофску пачынаем асэнсоўваць наша мінулае, сённяшняе, будучае. Восень – гэта час вяселляў, стварэння новых сем’яў. Верасень – першы месяц восені. І ў гэты залаты час беларускі народ пачынае падлічваць не толькі сваё ўвішнае збожжа на палетках, у садах, але і падсумоўвае вынікі на ніве асветы, адукацыі і выхавання. І вельмі сімвалічна, што менавіта рознакаляровымі вераснёўскімі днямі тысячы маленькіх беларусаў сядаюць упершыню за школьныя парты.
У першым храме іх жыццёвых універсітэтаў – школе – іх сустракаюць настаўнікі – тыя апантаныя і вялікія людзі, якія не ўяўляюць свайго жыцця без высакароднай дзейнасці педагога. Яны абралі сэнсам свайго жыцця – ззяць для іншых, саграваць сваімі палымянымі сэрцамі маленькіх грамадзян Айчыны.
Восенню чалавек пачынае ўзгадваць незабыўныя моманты свайго жыцця, сваё дзяцінства, юнацтва, сталыя гады. Гэта адметны час добрай настальгіі і шчырага роздуму. Вось і мне захацелася выказаць лірычныя словы павагі ўсім Настаўнікам з вялікай літары, Жыццёвым Педагогам. Бо з намі па жыцці заўсёды крочаць духоўныя настаўнікі, якія нас не толькі вучаць, але і натхняюць, падказваюць, раяць, не пакідаюць у горы і бядзе, даючы надзейную пуцёўку ў жыццё. Такіх духоўных настаўнікаў – велічных і самаадданых - у чалавека, на жаль, не надта многа. І таму трэба асабліва цаніць тых, якіх займеў у сваіх жыццёвых вандроўках. Нашы духоўныя настаўнікі вучаць нас любіць Радзіму – вялікую і маленькую. Вучаць любіць жыццё. Яны валодаюць незвычайным талентам цярплівай любові, поўнай адданасці, добразычлівасці, павагі, неабыякавасці. А мудрасць і святло душы гэтых людзей набліжаецца да бацькоўскай – да пяшчоты матулі і гаспадарлівасці бацькі.
Улада педагога над дзіцём павінна быць граматнай і не пераборлівай! Дзіця толькі тады стане адданым вам, калі паверыць вам. На даверы, дабрыні і любові і трымаецца жаданне дзіцяці шукаць абарону ў дарослага.Восенню асабліва востра разумееш: выхаванне – вялікая справа, бо ім у многім вырашаецца наш жыццёвы лёс. Перад педагогамі ўсіх часоў і народаў стаіць агром-ністая задача: выхаваць і сфарміраваць душы дзяцей. А ў справе выхавання няма і не можа быць ніякіх дробязей!
І я, як педагог, перакананы, што дзіця ўмее любіць толькі таго, хто яго любіць. Дзіця можна выхоўваць толькі сапраўднай любоўю. Аднак памыляюцца тыя, хто думае, што педагогіка - навука пра дзіця, а не пра чалавека. Бачыць жа добрае ў чалавеку заўсёды цяжка.
Лічу, што нармальнае выхаванне ў тым і заключаецца, каб дарослае пакаленне перадавала дастойна свае вопыт, хобі, веды, заняткі і пераканні малодшаму пакаленню. Мы павінны прабудзіць энэргію ў падрастаючага пакалення. Дурное ў чалавеку можна імгненна разварушыць – як гнілую дрыгву. Добрае ж – яно чакае, яно, бывае, не толькі гадамі, дзесяцігоддзямі, але і стагоддзямі выхоўваецца.
Трэба памятаць, што, выхоўваючы дзяцей, мы выхоўваем будучую гісторыю нашай прыгожай Бацькаўшчыны. І самае галоўнае – навучыць дзетак любіць жыццё з усім, што ёсць у ім. А галоўная дарога чалавечнага выхавання ёсць граматнае перакананне.
Школа па-за жыццём – гэта хлусня і крывадушша. Школа толькі тады набывае якасць сапраўднай, калі ў ёй фарміруецца разумная думка падрастаючага пакалення. Дрэнны той настаўнік, які сам мала вучыцца. Дрэнны той педагог, якому самому нецікава тое, што ён выкладае. Дзеці ж усё чуюць і бачаць.
Настаўнік – вялікае грамадскае прызнанне. Духоўны настаўнік – гэта найлепшы сябра чалавека, яго Зорка. А кожнае дзіця – паэт. І настаўніку неабходна вучыцца ўводзіць яго ў свет творчасці. Дзякуй, Духоўныя Настаўнікі, што вы крочыце з намі пастаянна па жыцці! Дзякуй, настаўнікі, што вы, нягледзячы ні на што, засталіся вернымі абранай ніве - сеяць і збіраць ураджай. Няхай на гэтым шляху будзе менш камення, а больш шчодрых каласкоў!
К. КАРНЯЛЮК,педагог
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад