Свой творчы падарунак ансамбль падрыхтаваў для мастаўчан у 80-ю гадавіну вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Першы ў Беларусі прафесійны фальклорны калектыў, які пачаў адраджаць музыкальную спадчыну сваёй краіны, сёлета святкуе сваё 40-годдзе. Ансамбль створаны пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 1984 годзе. Канцэртная праграма была пабудавана на музычным фальклоры беларускага Палесся – скарбніцы духоўнай культуры заходніх славян.
Спалучэнне музыкі і танца дало магчымасць стварыць яркія канцэртныя праграмы, якія карыстаюцца поспехам як у Беларусі, так і за яе межамі. Ансамль «Свята» неаднаразова прымаў удзел у міжнародных фестывалях мастацтва, выступаў з канцэртамі ў Расіі, Украіне, Малдове, Польшчы, Канадзе, Францыі, Кітаі, Азербайджане, Узбекістане, Туркменістане і нават Эфіопіі. За час свайго існавання Беларускі дзяржаўны калектыў даў больш за 20 тысяч канцэртаў.
Актыўная канцэртная дзейнасць праводзіцца і ў Беларусі. Штогод ансамбль «Свята» дае каля 65 канцэртаў, у тым ліку дабрачынных. Актыўна прапагандуе народную творчасць у невялікіх гарадах рэспублікі, раённых цэнтрах, аграгарадках. Актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях, мерапрыемствах, канцэртах, прысвечаных святочным датам.
Калектыў мае ў сваёй скарбонцы дзясяткі ўзнагарод. Мастацкі кіраўнік ансамбля Вячаслаў Статкевіч ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. 31 снежня 2019 года Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю народнай музыкі «Свята» прысвоена ганаровае званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.
У цяперашні час у рэпертуары ансамбля мноства канцэртных праграм, якія ўключаюць у сябе сінтэз розных жанраў мастацтва, што з’яўляецца візітнай карткай калектыву. У рамках аднаго канцэрта гледачы могуць пачуць беларускія і аўтарскія песні, любімыя хіты ў арыгінальнай апрацоўцы, пабачыць цудоўныя пастаноўкі танцаў з элементамі ўвасаблення беларускіх нацыянальных традыцый. Што, дарэчы, змаглі ацаніць і мастаўчане.
Дружнымі апладысментамі гледачы сустракалі такія вядомыя творы, як “Мае вочы чорныя”, “Мамачка, родна, пусці на сяло”. Прагучала ў Мастах і творчая імрэза ансамбля – песня «Ад нашай хаты – да вашай хаты».
А пад мелодыі заліхвацкіх танцаў ногі самі пускаліся ў пляс.
Сапраўнае свята падарыў творчы і паспяховы, вясёлы і задорны ансамбль з такой сімвалічный назвай «Свята» мастаўчанам у значны для іх дзень – дзень памяці, смутку, гонару і шчаслівай будучыні.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад