Сучасны свет гатовы даць дзіцяці многа цікавага, а галоўнае, карыснага. Адным з такіх варыянтаў з’яўляецца робататэхніка, навучанне розным сучасным тэхналогіям, што можа быць вельмі займальным заняткам нават для дзяцей. У нашай школе створана аб’яднанне па цікавасці “My robot”.
Яго наведваюць 15 вучняў ва ўзросце ад 10 да 12 гадоў. Заняткі праходзяць адзін раз у тыдзень па дзве гадзіны. У якасці асноўнага абсталявання пры навучанні робататэхніцы прапануюцца канструктары LEGO. Вучні працуюць з наборам Lego Mindstorms Education EV3. Навучанне адбываецца ў працэсе гульні. Дзеці самі збіраюць мадэлі робатаў, якасці якіх прымяняюцца ў штодзённым жыцці.
Lego Mindstorms Education EV3 забяспечвае прастату пры зборцы пачатковых мадэляў, што дазваляе вучням атрымаць вынік у межах аднаго або пары ўрокаў. І пры гэтым магчымасці ў змене мадэляў і праграм - вельмі шырокія. Такі падыход дапамагае навучэнцам ускладняць мадэль і праграму, праяўляць самастойнасць у вывучэнні тэмы. Праграмнае забеспячэнне LEGO MINDSTORMS Education EV3 мае шырокія магчымасці, у прыватнасці, дазваляе весці рабочы сшытак і прадстаўляць свае праекты прама ў асяроддзі праграмнага забеспячэння LEGO EV3.
Бацькі з цікавасцю назіраюць за захапленнем сваіх дзяцей робататэхнікай. Сочаць за іх поспехамі ў асваенні новых тэхналогій, радуюцца, што дзеці з цікавасцю і карысцю праводзяць вольны час.
Аб’яднанне па інтарэсах “My robot” для дзяцей нашай школы адкрывае шырокія магчымасці і ў будучыні можа даць старт у прафесію. Захапляючыя заняткі па робататэхніцы развіваюць у дзяцей мысленне, папаўняюць слоўнікавы запас, фарміруюць камунікатыўныя ўменні, навыкі вядзення дыскусіі, вучаць працаваць у камандзе. Дзеці ў будучым будуць камфортна адчуваць сябе ў новым свеце і лёгка будуць разбірацца з новымі тэхналогіямі, а гэта вялікая перспектыва для кожнага.
Бандысік Аляксандр Уладзіміравіч,
настаўнік матэматыкі і інфарматыкі, ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа”, Гродзенскай вобласці, Мастоўскага раёна
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад