Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМестное управление и самоуправлениеМолодёжьМолодёжьСоциумОбщественная жизньСоциумПрофсоюзная жизньСоциумКультураБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?Беларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордиться

Рэспубліканскі фестываль паэзіі прайшоў у Мастах

Рэспубліканскі фестываль паэзіі прайшоў у Мастах18 мая 2024 — 12:05

Першы рэспубліканскі фестываль паэзіі “Масты сугучнасці” прайшоў у нашым горадзе. Сюды прыехала шмат шаноўных гасцей – паэтаў і празаікаў з усіх абласцей Беларусі.

Арганізатары гэтага цікавага мерапрыемства – Саюз пісьменнікаў Беларусі, Мастоўскі райвыканкам, раённая бібліятэка і Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Менавіта ў раённай бібліятэцы і адбылося адкрыццё фестывалю.

Мастоўская паэтэса Таццяна Абухоўская сустрэла гасцей аўтарскім вершам “Мастам складаем гімн хвалебны”. Вітаў сяброў беларускай паэзіі сваёй творчасцю народны ансамбль народнай творчасці “Ярыца”. Шаноўным гасцям гаспадары ўручылі духмяныя караваі. З уступным словам выступіла намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Марына Давыдзік.

–У паэзіі знаходзіць водгук усё, што адбываецца ў нашай прыгожай Беларусі, – сказала Марына Осіпаўна. – Яна здольна абагаціць людзей, узняць з глыбіні душы самыя лепшыя пачуцці. Паэтам быць няпроста. Часта іх творчасць могуць па-сапраўднаму ацаніць толькі наступныя пакаленні. Хачу пажадаць, каб гэтая атмасфера творчасці, якую госці прывезлі на нашу Мастоўшчыну, садзейнічала паспяховаму правядзенню рэспубліканскага фестывалю, узбагаціла ўсіх нас. Мы вельмі ганарымся, што ён праходзіць у нашым раёне. Спадзяёмся, што фестываль закладзе добрую традыцыю сярод паэтаў Беларусі і стане прыступкай для правядзення ў Мастах рэспубліканскага Дня пісьменнасці.

Прывітальнае слова ўдзельнікам фестывалю ад кіраўніка Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча зачытаў вядомы пісьменнік і кінадраматург Анатоль Матвіенка.  Анатоль Яўгенавіч уручыў граматы Саюза пісьменнікаў Беларусі намесніку старшыні Мастоўскага райвыканкама Марыне Давыдзік, загадчыку сектара культуры райвыканкама Настассі Палуйчык, старшыні і намесніку старшыні Гродзенскага аддзялення СПБ Людміле  Кебіч і Дзмітрыю Радзівончыку, дырэктару раённай бібліятэкі Таццяне Стэльмах.

Госці фестывалю змаглі пазнаёміцца з выставай-продажам літаратуры, якую арганізавалі выдавецкі дом “Звязда” і выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

– Давайце пройдзем па нашаму масту сугучнасці і паэзіі і вернемся з гэтай вандроўкі  больш дасведчанымі, духоўна багатымі і мудрымі людзьмі, – запрашаюць вядучыя свята.

Госці і аматары паэзіі накіраваліся на ўрачыстае мерапрыемства ў раённую бібліятэку. Яны былі запрошаны на пазнавальную экскурсію па ёй, наведалі тэматычныя выставы, завіталі ў міні-музей “Мір дакамп’ютарнай тэхнікі”, паглядзелі пастаноўку тэатра ценяў з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Удзельнікі рэспубліканскага фестывалю паэзіі прынялі ўдзел у круглым стале “Паэзія на ўсе часы: творы і творцы” з віртуальным суправаджэннем, што дало магчымасць далучыцца да яго ўсім жадаючым з іншых абласцей нашай краіны, у тым ліку з Магілёва і Гомеля. Гасцей віталі музычным творам вучаніца Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Карпава і вучаніца СШ №3 Алена Якушэвіч, якая прачытала верш мастоўскай паэтэсы Ірыны Данік-Навуменкі. Са сваімі разважаннямі пра паэзію выступілі старшыня Гродзенскага аддзялення СПБ Людміла  Кебіч, старшыня Брэсцкага аддзялення СПБ Таццяна Дземідовіч і іншыя творцы.

У час фестывалю на трох пляцоўках у горадзе Масты адбыліся сустрэчы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў з чытачамі. Для дарослай аўдыторыі была арганізавана такая пляцоўка ў раённай бібліятэцы, для маладзёжнай аўдыторыі – у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі і ў сярэдняй школе №2 імя Героя Савецкага Саюза Васіля Жукава. У гасцінай  раённай бібліятэкі прагучалі выступленні вядомых таленавітых беларускіх паэтаў, членаў ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” з розных рэгіёнаў краіны: Галіны Васілеўскай з Мастоў, Таццяны Яцук і Дзмітрыя Радзівончыка з Гродна, Зінаіды Дудзюк з Брэста, Зоі Кулік-Капуста з Нясвіжа, Анатоля Матвіенкі з Мінска і іншых.

Першы рэспубліканскі фестываль паэзіі “Масты сугучнасці” прайшоў на Мастоўшчыне ў атмасферы шчырасці і цікавасці да творчасці беларускіх паэтаў, сабраў нямала прыхільнікаў. Паэты далі дзясяткі аўтографаў на сваіх кнігах, доўга гутарылі з аматарамі іх творчасці, адказвалі на пытанні.

Станіслаў ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара



Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио