30 октября 2026 — 14:40
Паважаныя чытачы! Працягваецца сумесны праект Мастоўскай раённай бібліятэкі і раённай газеты “Зара над Нёманам” – “Чытайце лепшае! Чытайце беларускае!”.
Маштабы генацыду ў дачыненні да беларускага народа не мелі прэцэдэнту ў сусветнай гісторыі. Акупацыйны рэжым нацысцкай Германіі, усталяваны на часова захопленай тэрыторыі Беларусі, вызначаўся выключнай жорсткасцю і зверствамі ў дачыненні да мясцовага насельніцтва. Прапануем вам пазнаёміцца з кнігай “Беларусь: трагедия и правда памяти: геноцид белорусского народа в годы Великой Отечественной войны”, якая выйшла ў выдавецтве “Беларусь” у 2026 годзе. У выданні прадстаўлены дакументальна абгрунтаваныя доказы масавага знішчэння нацыстамі і іх памагатымі мірнага насельніцтва на акупіраваных тэрыторыях БССР. Змешчана інфармацыя пра карныя аперацыі нацыстаў, спаленыя вёскі, якія паўтарылі лёс Хатыні, масавыя забойствы мірных жыхароў і ваеннапалонных, лагеры смерці, а таксама гвалтоўны вываз жыхароў БССР на прымусовыя работы ў Германію. У кнізе чытач знойдзе дакументальныя звесткі пра дзейнасць калабарацыяналістаў, якія ўдзельнічалі ў знішчэнні мірнага насельніцтва Беларусі. А таксама інфармацыю пра эканамічныя, культурныя і дэмаграфічныя наступствы генацыду, захаванне ў Рэспубліцы Беларусь гістарычнай памяці аб ахвярах генацыду і барацьбу беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Гераічнае супраціўленне савецкіх пагранічнікаў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, успаміны жыхароў Беларусі, якія прайшлі праз лагеры смерці, канцэнтрацыйныя лагеры і гета, перажылі дэпартацыю і прымусовыя работы ў Германіі, – асноўныя тэмы кнігі “Люди мира, остановите фашизм…”, якая выйшла ў выдавецтве “Беларусь” у 2026 годзе. У выданні прадстаўлены ўспаміны і фрагменты дакументальных сведчанняў беларусаў, якія ў гады вайны, нягледзячы на жорсткі нацысцкі акупацыйны рэжым, ратавалі яўрэяў. За мужнасць і чалавечнасць многія з іх былі ўдастоены звання “Праведнік народаў свету”.

Паважаныя чытачы! Калі вас зацікавілі прадстаўленыя выданні, запрашаем наведаць Мастоўскую раённую бібліятэку.
Вольга Коршун,
метадыст Мастоўскай раённай бібліятэкі
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад