Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНовости Мостовщины

«Разам вясны дачакаліся”

«Разам вясны дачакаліся”17 апреля 2013 — 10:00

У старасты вёскі Ліхінічы, што ў Пацавіцкім сельсавеце, жыве лебедзьМіхаіл Пятровіч Булавік не планаваў папаўняць сваю гаспадарку. Аднак калі 5 студзеня бягучага года ўбачыў на вясковай вуліцы  адзінокага лебедзя, рашэнне прыйшло само сабой.

— Ну, не пакідаць жа было яго на вуліцы – замерз бы ці сабакі звялі б са свету, -- тлумачыць свой учынак Міхаіл Пятровіч. – Адразу мы з суседам прыкрылі лебе-дзя ў павець, а пасля, калі сталі моцныя маразы, перавёў яго ў цёплы хлеў, дзе жывуць куры і кабыла. Хатнія жывёлы вельмі хутка прызвычаіліся да дзікай птушкі. Зараз і спяць, і харчуюцца разам.

Цяперашні рацыён лебедзя, па словах вяскоўца, складае  бульба, хлеб, кукуруза, пшаніца. Да яды пярнаты госць не пераборлівы – есць усё, што яму прапаноўваюць. За тры месяцы, што ён знаходзіцца на забеспячэнні ў Міхаіла Пятровіча і Аляксандры Іосіфаўны Булавікоў, значна паправіўся, стаў цяжкім.

— Я нават ужо турбуюся, што ён узляцець не зможа, — гаворыць  мужчына, гледзячы, як лебедзь выгінае шыю і здалёк злосна шыпіць на нас, людзей незнаёмых.Час ад часу Міхаіл Пятровіч прапаноўвае белакрыламу прыняць водныя працэдуры – “пакупацца” у снезе.— Неяк выпусціў яго, каб дыхнуў свежага паветра, а ён накіраваўся ў бок поля, — працягвае свой расказ наш суразмоўца. – Узляцеў, праляцеў каля 20 метраў і сеў. Потым без прымусу, паслухмяна пайшоў услед за мной назад у хлеў.

Дзякуючы клопату і ўвазе Міхаіла Пятровіча, лебедзя аглядзелі мастоўскія ветэрынары. Яны далі заключэнне, што птушка здаровая.Наведаліся да мясцовага старасты і спецыялісты Мастоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

— Звычайна нам даво-дзіцца сустракацца з людзьмі, якія шкодзяць прыродзе, а тут чалавек дапамагае захаваць жыццё прыгожай птушцы, — падкрэслівае начальнік інспекцыі Сігізмунд Казіміравіч Кежун. – У выпадку, калі лебедзь не зможа адляцець з іншымі, мы звернемся ў Міністэрства прыроды, каб вырашылі яго далейшы лёс.       А пакуль што няхай пабудзе ў цяпле.

— А як жа іначай, —    адзначае Міхаіл Пятровіч. – Разам перазімавалі, дык і вясны ўжо сапраўднай дачакаемся. Каля нас тут непадалёку возера ёсць, на яго часта лебедзі прылятаюць. Так што як толькі яны з’явяцца, адпусцім нашага кватаранта да яго сабратаў. Н.ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио