Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод народного единстваГод народного единстваСоциумОбщественная жизньСоциумВ трудовом коллективеСпорт и ТуризмТуризм и отдыхНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Рагозніцкія педагогі здзейснілі падарожжа па маляўнічых мясцінах Мастоўшчыны

Рагозніцкія педагогі здзейснілі падарожжа па маляўнічых мясцінах Мастоўшчыны12 августа 2021 — 14:49

Пасля плённай працы на працягу навучальнага года ў адзін з гарачых летніх дзён старшыня прафсаюзнай арганізацыі ДУА “Рагозніцкі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа” Святлана Слуцкая сумесна з дырэктарам установы Дзмітрыем Мамовічам арганізавалі для працоўнага калектыву экскурсію па гістарычных і маляўнічых мясцінах Мастоўшчыны. Мы пабывалі ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Ліпічанская пушча”, ажыццявілі сплаў па рацэ Шчара.

 

Маршрут пачаўся са Свята-Траецкай Шчарскай крыніцы, там нас сустракаў дырэктар заказніка Андрэй Верабей. А побач мы ўбачылі асвечаны крыж, які стаіць над крыніцай. Адсюль і пачалося наша знаёмства з гістарычнай спадчынай жывапіснага кутка нашай малой радзімы. Некаторыя з нас акунуліся ў святой крыніцы. Крыху далей размясціўся яшчэ адзін дзіўны аб’ект. Гэта старая дзягцярня, якая была пабудавана пасля вайны з захаваннем усіх прынцыпаў вырабу дзёгцю. Рэшткі гэтай дзягцярні ўнікальныя. Далей маршрут прадоўжыўся ля моста праз раку Шчара ў раёне вёсак Шымкі і Шчара. Славутасць гэтага месца – “Востраў кахання”. Сапраўды, па цэнтры Шчары мы ўбачылі размешчаны востраў у выглядзе сэрца. Як нам распавёў экскурсавод, гэты востраў раней служыў месцам паломніцтва маладых навакольных вёсак, якія ў дзень шлюбу пасля роспісу спяшаліся на берагі Шчары, каб, пераплыўшы на востраў, змацаваць шлюб моцным пацалункам. 

Ужо на правым беразе Шчары мы наведалі мемарыяльны комплекс ля в. Шымкі, прысвечаны савецкім воінам, партызанам і ахвярам фашызму. Ад мемарыяла сцежка павяла нас да зямлянкі-музея. Падчас экскурсіі  мы даведаліся аб подзвігах нашых суайчыннікаў, якія абаранялі гэты край у час Вялікай Айчыннай вайны. Праехаўшы пару кіламетраў, мы заўважылі, што ля берага ракі ўжо стаялі ў чаканні нас камфортныя лодкі з мяккімі накладкамі, тэнтамі ад дажджу і сонца і бясшумным электраматорам. Прайшоўшы інструктаж па тэхніцы бяспекі, мы надзелі ярка-аранжавыя выратавальныя камізэлькі – і ў шлях у суправаджэнні дасведчанага інструктара-экскурсавода. Дзесяць кіламетраў сплаву-экскурсіі па рацэ Шчара адкрылі нам прыгажосць і непаўторнасць нашай беларускай прыроды.

Экскурсія пакінула незабыўныя ўражанні, падарыла пазітыў і добры настрой. Пабываўшы ў гэтых выдатных месцах, мы пераканаліся, што няма нічога даражэй за мілыя сэрцу родныя краявіды, родны край.

 

Алена Мамовіч,

настаўнік ДУА “Рагозніцкі ВПК д/с – СШ”

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио