Супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, работнікі тэатраў, спецыялісты дамоў культуры, удзельнікі калектываў прафесійнай і аматарскай творчасці і не толькі – сёння ўрачыстае мерапрыемства было прысвечана звычайным стваральнікам свята вакол нас.
Павіншаваў з прафесійным святам удзельнікаў урачыстасці намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.
- Гродзеншчына - край багатай гісторыі і глыбокіх культурных традыцый. Сёння ў сферы культуры вобласці працуе каля сямі тысяч высокаадукаваных, таленавітых спецыялістаў. Штогод у Гродзенскім рэгіёне праводзіцца вялікая колькасць фестывальных святаў і творчых конкурсаў. Самым яркім мерапрыемствам гэтага года стаў ХІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які па праву лічыцца візітнай карткай прынёманскага краю. Калектыў дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" за рэалізацыю праекта "Ад мінулага да сучаснага", прысвечанага адраджэнню ўнікальных тэхнік ткацтва, удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У вобласці праводзіцца сістэмная праца па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. Рэстаўрацыйныя работы на тэрыторыі Старога замка, якія праводзяцца адначасова з археалагічнымі раскопкамі, дазволілі значна папоўніць фонды Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. З мэтай прыцягнення турыстаў і папулярызацыі спадчыны Гродзеншчыны адкрываюцца новыя музейныя экспазіцыі, 8 праектаў дзейнічае ў сферы культуры ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва. Наступны год будзе юбілейным - Гродзенскай вобласці споўніцца 75 гадоў. Да гэтай даты плануецца шмат мерапрыемстваў. У тым ліку адкрыццё трох новых музеяў - рэтратэхнікі, музея леса і музея гісторыі вады, - адзначыў Віктар Лісковіч.
Авацыямі сустракалі гледачы калегаў, якія падымаліся на святочную сцэну за ўзнагародамі. Падзяку міністра культуры Рэспублікі Беларусь за ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур уручылі вядучаму метадысту па народных промыслах і рамёствах абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Аляксандру Аўчыннікаву і загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вользе Шлавянец.
Ганаровай граматай аблвыканкама ўзнагародзілі мастака-мадэльера абласнога тэатра лялек Алену Гулько і дырэктара Лідскага гісторыка-мастацкага музея Ганну Драб. Таксама гэтай узнагародай адзначылі калектыў Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі.
Падзяка старшыні Гродзенскага аблвыканкама была аб’яўлена начальніку аддзела культурна-асветнай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры аблвыканкама Вользе Багдановіч, артысту-вакалісту музычнага тэатра Гродзенскай абласной філармоніі Пятру Ракуцю, рэжысёру ўзорнага тэатра эстрадна-спартыўнага танца «Каскад» Слонімскага цэнтра культуры і народнай творчасці Зоі Пятроўскай.
Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў адзначылі намесніка дырэктара музычнага тэатра «Рада» Аксану Кімкетаву. А артыст балета Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Вікторыя Бальцэр і настаўнік па класе акардэона дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза Алена Кацынэль атрымалі падзячныя лісты старшыні абласнога Савета дэпутатаў.
Узнагароды таксама ўручыла Таццяна Іванова, старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Падчас урачыстага мерапрыемства работнікам культуры таксама былі ўручаны ганаровыя граматы ўпраўлення культуры аблвыканкама.
А яркім фінальным акордам свята стала тэатралізаваная вакальна-харэаграфічная кампазіцыя з удзелам лепшых творчых калектываў і выканаўцаў Гродзеншчыны.