Каб развіць цікавасць да народных традыцый, супрацоўнікі музея «Лес і чалавек» на некаторы час пераўвасабляюцца ў драматычных акцёраў і ладзяць тэатралізаваныя прадстаўленні. Да канца сакавіка яны будуць запрашаць школьнікаў на тэатралізаванае свята “Гуканне вясны. Саракі”.
Тыя з вучняў, хто ўжо паспеў наведаць музей і пазнаёміцца з прыгожым веснавым абрадавым святам, засталіся ў захапленні ад убачанага і пачутага. Для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак стала прыемным адкрыццём тое, як прыгожа адзначалі і які глыбокі сэнс укладалі нашы бабулі і дзядулі ў кожнае абрадавае свята.
І для вучняў другога класа СШ №2 г. Масты , якія прысутнічалі на свяце “Гуканне вясны. Саракі”, стала зразумелым, чаму продкі шчыра сустракалі прыход вясны і вялікі магічны сэнс надавалі птушкам, якія з надыходам вясны вярталіся на радзіму з далёкага выраю. У хлопчыкаў і дзяўчынак пасля ўбачанага і пачутага ў музеі цяпер наўрад ці падымецца рука, каб разбурыць птушынае гняздо. З цікавасцю разглядалі рабяты здымак гогаля звычайнага, які сёлета аб’яўлены птушкай года.
— Каб зацікавіць падрастаючае пакаленне багатай культурнай спадчынай продкаў, выхоў-ваць у іх высокія маральныя якасці, мы падрыхтавалі для дзяцей чатыры тэатралізаваныя прадстаўленні: “Калядкі — добрыя святкі”, “Гуканне вясны. Саракі”, “Вялік-дзень” і “Яблычны Спас”. Напярэдадні святкавання праваслаўнымі вернікамі Уваскрашэння Хрыстова запросім дзяцей у музей на тэатралізаванае прадстаўленне “Вялік-дзень”, — дзеліцца планамі на будучае дырэктар музея “Лес і чалавек” Наталля Анатольеўна Пуцілоўская.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад