У Мастоўскай раённай бібліятэцы прайшло свята кнігі “Беларуская кніга: дарогамі вякоў”, прымеркаванае да 500-годдзя Беларускага кнігадрукавання. На мерапрыемства былі запрошаны пісьменнікі з Гродна Браніслаў Іосіфавіч Ермашкевіч, Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык і настаяцель Свята-Ільінскай царквы айцец Уладзімір Мазгоў, а таксама настаўнікі і старшакласнікі гімназіі №1 і СШ №2 г. Масты. Упрыгожыў мерапрыемства песнямі народны ансамбль народнай песні “Ярыца”. Увазе ўдзельнікаў быў прапанаваны фільм “Францыск Скарына. Чалавек свету”.
Кніга-- геніяльнае ад-крыццё чалавецтва, якое не мае сабе роўных і ніколі не знікне. Беларускае кнігадрукаванне прайшло доўгі і нялёгкі шлях, дзе, як у люстэрку, адбіўся шматгранны і часам супярэчлівы лёс нашага народа. Рукапісныя кнігі на беларускіх землях з’явіліся з распаўсюджваннем хрысціянства. Далёка за межамі Беларусі вядомы нашы асветнікі Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Кірыл Тураўскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі. Зоркай першай велічыні ззяе сярод іх імя Францыска Скарыны — першадрукара, асветніка, гуманіста. Францыск Скарына — выдатны прадстаўнік эпохі Адра-джэння. Ён ставіў перад сабою высакародную мэту — пашырыць асвету сярод суайчыннікаў, дапамагчы простым людзям спазнаць мудрасць і навуку. Францыск Скарына і распачатая ім справа яшчэ доўгія стагоддзі будзе нас накіроўваць да кнігі як асновы разумнага і вечнага.
Праваслаўная царква на беларускай зямлі аказвала вялікую ролю ў духоўным і культурным развіцці народа. На аснове хрысціянства развівалася пісьменнасць, кніжная справа, асвета. Многія помнікі культурнай спадчыны так ці інакш звязаны з дзейнасцю праваслаўнай царквы. Ніхто не стане аспрэчваць той факт, што добрая кніга станоўча ўплывае на фарміраванне асобы чалавека. Айцец Уладзімір расказаў рабятам, які ўплыў аказала на яго духоўная літаратура і, у прыватнасці, старая біблія, якая беражна захоўваецца ў іх сям’і і як самая дарагая рэліквія перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Б. І. Ермашкевіч і Дз. М. Радзівончык -- даўнія сябры бібліятэкі. Яны не раз удзельнічалі ў літаратурных сустрэчах, дарылі бібліятэцы свае кнігі. І на гэты раз пісьменнікі чыталі свае творы, удзельнічалі ў дыскусіі, ці патрэбна сучаснаму чалавеку кніга. Усе прыйшлі да высновы: трэба любіць і чытаць кнігі, бо яны -- крыніца мудрасці і лекі для душы. А тых рабят, якія маюць у сабе іскрынку літаратурнага таленту, пісьменнікі запрашалі да супрацоўніцтва і абяцалі творчым асобам падтрымку.
У раённай дзіцячай бібліятэцы ў гэты ж дзень для маленькіх чытачоў таксама прайшло літаратурнае свята “Светачы беларускай зямлі”. Вучням трэцяга класа гімназіі №1 г. Масты бібліятэкары расказалі, як з’явілася друкаваная кніга ў Еўропе і на Беларусі. Хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі свае дасведчанасць і эрудыцыю, прымаючы ўдзел у конкурсах.
Мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, прайшлі ў многіх сельскіх бібліятэках раёна.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад