Урокі беларускай мовы і літаратуры для гродзенскіх школьнікаў правялі нястомны падарожнік Юрый Жыгамонт і пісьменніцы Раіса Баравікова і Алена Масла.
Яны завіталі ў гродзенскія школы № 23, 34, 37, 39, гімназіі № 5, 9 і 10, а таксама Квасоўскую СШ. Усюды прайшлі незвычайныя заняткі, якія бліжэй пазнаёмілі дзетак з роднай мовай і знакавымі асобамі ў беларускай літаратуры. Зрэшты, і сённяшнія настаўнікі - таксама людзі вядомыя. Юрый Жыгамонт – вядучы папулярнай праграмы “Падарожжы дылетанта”, Раіса Баравікова – паэтэса, дзіцячая пісьменніца, чые творы ўключаны ў школьную праграму па літаратуры. Алена Масла – вядомая казачніца, як яна сама сябе называе.
Пасля наведвання школ сталічны дэсант творцаў завітаў у Новы замак, дзе прайшла акцыя “Чытаем па-беларуску з velcom”, прысвечаная творчасці Максіма Багдановіча.
Яго вершы чыталі госці, гарадзенцы і, канешне, дзеці, якія ўзялі ўдзел у імпрэзе. Асабліва кранальна з вуснаў малых гучалі вядомыя з дзяцінства радкі “Здароў, марозны, звонкі вечар…”, “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…” і кранальныя “Слуцкія ткачыхі”.
Тым часам Алена Масла нагадала, што Максім Багдановіч пісаў і вельмі цікавыя казкі ды параіла настаўнікам прачытаць іх з дзецьмі, а пасля зрабіць ілюстрацыі да твораў. Падаецца, дзецям ідэя прыйшлася даспадобы.
Праект “Чытаем па-беларуску з velcom” рушыць далей. Як распавяла прадстаўнік кампаніі, у планах – наведаць усе вобласці, пабываць у 150 школах і правесці такія заняткі прыкладна з дваццацю тысячамі вучняў 2 – 3 класаў. На Гродзеншчыне праект ужо пабываў у Ваўкавыску і Слоніме. Наперадзе – Смаргонь і Навагрудак. У выніку ўдзельнікі наведаюць 25 школ нашай вобласці.
Дарэчы, “Чытаем па-беларуску” не адзіная ініцыятыва кампаніі па падтрымцы беларускай мовы. Не так даўно стартаваў праект “movabox”. Першым творам, які трапіў у скрыню, стала кніга Людмілы Рублеўскай “Авантуры студыёзуса Вырвіча”, напісаная ў жанры гістарычнага фэнтэзі. Акрамя самой кнігі, у скрыні ёсць некаторыя рэчы, звязаныя з галоўнымі героямі і іх прыгодамі. Уладальнікам такога мовабокса можа стаць хто заўгодна. Дастаткова прайсці тэст на сайце праекта, даведацца, хто ты з апісаных аўтарам герояў. Пасля выпадковым чынам будуць вызначаны пераможцы, якія атрымаюць кнігу-бокс. Пакуль гэта толькi твор Людмілы Рублеўскай, пасля ў праекце з’явяцца і іншыя сучасныя аўтары.
Фото Віталя Дзярнейкі
Таццяна Кузнячэнкава
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад