Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

«Прысвячаю сябе вясковай школе»

«Прысвячаю сябе вясковай школе»05 сентября 2012 — 10:00

Педагагічны стаж гэтай жанчыны налічвае трыццаць восем гадоў, дырэктарскі – дваццаць восем. Усё сваё жыццё яна прысвяціла вясковым дзецям. Сама таксама родам з невялікай вёсачкі Ланцавічы, што ў Мастоўскім раёне. Напэўна, калісьці яе бацькі-калгаснікі нават і падумаць не маглі, што іх дачка стане кіраўніком і трапіць на раённую Дошку гонару. Зараз Надзея Канстанцінаўна Гардзіеўская працуе дырэктарам дзяржустановы адукацыі “Мікелеўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

“Беларусь на Казахстан не прамяняю”

- Нас, дзяцей, у сям’і было трое, і ўсе  сталі настаўнікамі. Мае бабуля з дзядулем прымалі ўдзел у асваенні цалінных земляў у Казахстане. Калі яны захварэлі, вырашыла паехаць да іх. Школу заканчвала ўжо там, у казахскім пасёлку Чырвонаармейск Ураль- скай вобласці, - пачынае свой аповяд Надзея Канстанцінаўна Гардзіеўская. Але новая краіна не змагла замяніць ёй родную Беларусь. Зусім хутка дзяўчына вяртаецца сюды зноў, каб атрымаць у Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы спецыяльнасць “настаўнік рускай мовы і літаратуры” і вучыць вясковых дзяцей.- Як сустрэлі навіну аб тым, што накіроўваецеся на працу ў сельскую школу?- Абсалютна нармальна, нават з радасцю. Маім першым месцам працы была Войдзевіцкая васьмігадовая школа Мастоўскага раёна (зараз яе ўжо закрылі). Хацелася працаваць у сельскай школе, бо сама родам з вёскі.

“Я “Артэк” не забуду ніколі”

Аднойчы, ужо дарослай, Надзеі Канстанцінаўне давялося яшчэ раз вярнуцца ў дзяцінства. Пра знахо-джанне ва ўсесаюзна знакамітым у тыя часы лагеры “Артэк” яна ўспамінае з асаблівым гонарам:- Дэлегацыя Гродзенскай вобласці была нешматлікай. У яе складзе  знаходзіліся пяць прадстаўнікоў Мастоўскага раёна: разам са мной туды ездзілі І. Жукоўская, А. Станкевіч, К. Емілоўская, Н. Дробат. Мы былі на такой змене, дзе адныя дарослыя. І мы былі, як дзеці, а над намі важатыя, удвая маладзейшыя за нас. Цікава зараз успомніць той час...

Ад дырэктара да выдатніка асветы

За актыўную грамадскую дзейнасць Надзея Канстанцінаўна Гардзіеўская ўзнагароджвалася граматамі ЦК ВЛКСМ. Адпрацаваўшы дзесяць гадоў настаўніцай, у 1984 годзе яна атрымлівае прапанову стаць дырэктарам Рагозніцкай школы, а яшчэ праз шэсць гадоў удастойваецца высокага звання “Выдатнік народнай асветы”. Да гэтага часу ў сям’і Гардзіеўскіх нараджаюцца два сыны, лёс старэйшага з іх складваецца трагічна, аб чым і сёння сведчаць незагойныя раны на сэрцах бацькоў.

Школа, якая стала роднай...

У 1990-ым годзе сям’я Гардзіеўскіх пераязджае ў Мікелеўшчыну. Тут Надзеі Канстанцінаўне прапануюць узначаліць Мікелеўшчынскую сярэднюю школу, дзе яна знаходзіць надзейных паплечнікаў у рабоце. Сумесныя намаганні прыносяць рэзультаты – па выніках дзейнасці Мікелеўшчынская школа з году ў год займае лідзіруючыя пазіцыі сярод сельскіх школ раёна, тут праводзяцца раённыя і абласныя мерапрыемствы. У 2008 годзе ў школе праведзены капітальны рамонт, пасля якога яна змяняецца да непазнавальнасці. За шматгадовую плённую працу Н.К. Гардзіеўская неаднаразова атрымлівала граматы Міністэрства адукацыі, абласнога ўпраўлення адукацыі і раённага аддзела адукацыі.  

У верасні бягучага года ў ДУА “Мікелеўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” чарговы раз будзе працаваць участак для галасавання па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, падчас правядзення тут усіх папярэдніх выбараў старшынёй камісіі кожны раз была Надзея Канстанцінаўна. Яна выбіралася дэпутатам у раённы Савет, за паспяховую дзейнасць узнагароджана граматай абласнога Савета дэпутатаў.

З адкрытасцю да людзей

Сёння ў Н.К. Гардзіеўскай ёсць любімая работа, муж, сын, нявестка, двое ўнукаў, на якіх жанчына нарадавацца не можа. Яна часта ходзіць у лес па грыбы, вырошчвае кветкі дома і на вуліцы. Доўгія гады і значная адлегласць не змаглі перарваць сувязі з казахскімі аднакласнікамі. У 2010 годзе Надзея Канстанцінаўна пераадольвае тысячы кіламетраў, каб трапіць на суст-рэчу выпускнікоў. І нездарма, бо ёсць сярод яе аднакласнікаў і заслужаная артыстка Казахскай ССР Людміла Васільева, і дырэктары маскоўскіх заводаў, і ваенныя, і людзі іншых не менш запатрабаваных і важных прафесій.І тут, у Беларусі, многія калегі за перыяд шматгадовой сумеснай дзейнасці сталі для яе добрымі сябрамі. Яна, наогул, заўсёды адкрыта да зносін: пад-трымлівае сувязі і з адміністрацыяй МРУСП “Мастаўчанка”, і з Мікелеўшчынскім сельскім Саветам дэпутатаў, і з мясцовым ФАПам. Усё жыццё сябравала і абменьвалася вопытам са сваімі калегамі-дырэктарамі Г.У. Лапуць, Н.С. Дзенісевіч, В.М. Чэрнікам, Т.У. Лозка. -Што, на Ваш погляд, вызначае поспех у рабоце дырэктара школы? – цікаўлюся ў суразмоўцы.- Калі будзе ўзаемапаразуменне ў адміністрацыі школы, тады можна знайсці падыход і да ўсіх астатніх.

А. ШВЯДКО


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио