Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноОбщество

Прырода працягвае здзіўляць: на Лідчыне карэспандэнт убачыў жывога матылька-крапіўніка

Прырода працягвае здзіўляць: на Лідчыне карэспандэнт убачыў жывога матылька-крапіўніка05 февраля 2018 — 08:01
Матылькоў больш звыкла бачыць вясной і летам, чым восенню, а тым больш зімой. Але цяперашняя «сцюдзёная пара» настолькі супярэчлівая ў сваім характары, што не перастае здзіўляць анамальна высокімі тэмпературамі: то кветкі на клумбах выкінуць бутоны, то павыскокваюць у лесе грыбы. І вось у апошнія дні студзеня, падчас наведвання Дома механізатара ў Лайкаўшчыне, давялося ўбачыць сапраўдны цуд – жывога крапіўніка. 
 
 
– Крапіўнік, або «шакаладнік», як яшчэ называюць яго ў народзе, – адзін з самых распаўсюджаных у Беларусі матылькоў, – заўважае навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ірына Швед. – Мы часта бачым яго летам над крапівой (ад чаго, у прынцыпе, ён і атрымаў сваю назву). А вось у пачатку восені, як толькі становіцца халаднавата, ён шукае дуплы дрэў або расколіны ў іх. Гэта становіцца яго сховішчам, а таксама домам на халодны час. Унікальнасць віду ў тым, што, у адрозненне ад тых жа лімонніц, бялянак і капусных беляноў, крапіўнік пераносіць нягоды не ў стане кукалкі. Матылёк упадае ў сон, дыяпаўзу (у жывёл – анабіёз), але пры гэтым не гіне. У такім стане праводзіць зіму. А як толькі першыя прамяні цёплага вясновага сонца пачынаюць прыграваць, выходзіць з яго. 
 
 
Па словах спецыяліста, адсутнасць маразоў і хутчэй вясновыя, чым зімовыя тэмпературы днём уплываюць на стан метабалізму ў жывёл і насякомых. У Мінскім заапарку выйшаў са спячкі буры мядзведзь, у лесе можна ўбачыць вожыка, пад Гродна быў заўважаны бусел. І вось яшчэ адна ахвяра несязоннага цяпла – матылёк крапіўнік. Падтрымліваць сваё існаванне – паколькі ежы для яго няма – ён, вядома ж, не зможа. І як толькі слупок тэрмометра апусціцца ніжэй за нуль, зноў упадзе ў звыклы для гэтай пары стан – засне да вясны. Як і павінна быць у прыродзе.
Вольга Антонава, "Лiдская газета"

Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио