Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Прыгожы юбілей у Рудзе Ліпічанскай

Прыгожы юбілей у Рудзе Ліпічанскай15 сентября 2017 — 11:02

 

У хаце Марыі Мікандраўны Жукавай, якая жыве ў прыгожай лясной вёсачцы Руда Ліпічанская, даўно не збіралася столькі гасцей, не гучала столькі песень, добрых слоў. Родныя і госці сабраліся, каб павіншаваць гаспадыню з днём нараджэння. Ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былую настаўніцу віншаваў з 95-годдзем і жадаў здароўя яшчэ на доўгія гады старшыня Курылавіцкага сельскага Савета С.В. Каспяровіч.

Прыбыла з гэтай нагоды з віншаваннямі і падарункамі прадстаўнічая дэлегацыя з Мастоў: ад цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале з намеснікам дырэктара В.С. Копач, ад раённага савета ветэранаў У. Ю. Жылеўскі і старшыня райкама Мастоўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў асветы і навукі Т.М. Новік.


Для невялікай вёскі юбілей аднаго з яе жыхароў — свята для ўсіх. У Рудзе Ліпічанскай Марыя Мікандраўна паважаны чалавек, праз яе рукі і сэрца прайшло не адно пакаленне вяскоўцаў, якіх настаўніца вучыла не толькі роднай мове і літаратуры, але і дабрыні, чалавечнасці, быць годнымі людзьмі.

 

Святочны настрой Марыі Мікандраўне і ўсім прысутным падарыла вакальная група”Галубінка” сельскага клуба “Галубы” ў саставе Валянціны Місевіч, Лідзіі Гедрэвіч, Алены Шэршань, Вольгі Белуш, Ірыны Гедрэвіч і задорнага гарманіста Уладзіміра Гедрэвіча. Песні ў іх выкананні нікога не пакінулі раўнадушным, а юбіляршу ўсхвалявалі да слёз. Перад ёю, як у добрым старым чорна-белым фільме, круцілася стужкай яе жыццё. Белая паласа змянялася чорнай, і цяжка сёння дакладна вызначыць светлага ці цёмнага больш было ў яе жыцці.


Усявышні адмераў Марыі Мікандраўне доўгі жыццёвы адрэзак, які не заўсёды быў простым і лёгкім. Яна нарадзілася ў сялянскай сям’і ў вёсцы Выдрынка Краснапольскага раёна на Магілёўшчыне. Сям’я была вялікая нават па тых мерках — дзесяць дзяцей, пракарміць якіх можна было толькі працуючы не пакладаючы рук. Марыя была сярод дзяцей другой, а ў старэйшых адказнасці і абавязкаў было больш. Да цяжкай сялянскай працы дзяўчыне было не прывыкаць.


Малая Марыя і не здагадвалася, што самае страшнае выпрабаванне яшчэ наперадзе, яго падрыхтавала вайна. Дзяўчыне даводзілася капаць акопы, страляць, траціць баявых сяброў і сябровак. Многа давялося пабачыць жахаў і смерцяў, прайшоўшы дарогамі 1 і 2 Беларускіх франтоў. Быў такі момант, што яе франтавая сцяжына перасяклася з братавай. Разам з Пятром дайшлі да Берліна, там і сустрэлі перамогу. Марыі пашчасціла жывой вярнуцца дамоў, пашчасціла пазней закончыць Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага.


У далёкім 1955 годзе прыехала яна на працу ў мясцовую васьмігадовую школу, у той час у Рудзе Ліпічанскай было нямала дзяцей. Марыя магла б застацца працаваць у горадзе на сваёй радзіме, Магілёўшчыне, але ёй, як тому коласаўскаму Андрэю Лабановічу, зажадалася вучыць дзяцей у вясковай глыбінцы. З таго часу прырасла яна сэрцам і душой да гэтай вёсачкі, яе людзей, любімай справы, тут знайшла сваё жаночае шчасце, выгадавала сваіх дзяцей, накіравала ў самастойнае жыццё сотні вучняў.


Ад юбілеяў нікуды не схаваешся, яны ўсё роўна цябе знойдуць. І шчасце для чалавека дачакацца такога шаноўнага дня нараджэння, калі побач дачка Людміла, зяць Васіль, унукі. Гатова заўсёды прыйсці на дапамогу і сацыяльны работнік Лілія Траян, якая для Марыі Мікандраўны стала родным чалавекам. Галоўнае не траціць аптымізму, скрозь гады пранесці цяпло душы і дабрыню. Марыі Мікандраўне Жукавай гэта ўдалося, можа ў гэтым і заключаецца сакрэт яе даўгалецця.


— Беражыце мір, жывіце доўга-доўга, нараджайце дзяцей і радуйцеся кожнаму пражытаму дню,— пажадала ўдзячная Марыя Мікандраўна ўсім, хто прыйшоў павіншаваць яе з днём нараджэння. 

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио