Сярод маляўнічых пейзажаў сінявокіх азёр, сярод неабсяжных краявідаў векавых лясоў Ліпічанскай пушчы, на беразе ракі Нёман і левага прытоку Шчары, у самым цэнтры Гродзенскай вобласці раскінулася невялічкая вёсачка Галубы. Той, хто хоць аднойчы пабываў тут, на ўсё жыццё запомніць гэтую цудоўную старонку. А тым, каму яшчэ не давялося завітаць сюды, дазвольце расказаць пра непаўторную красу нашага краю.
З даўніх часоў наша старонка славілася адметнай прыродай, ляснымі багаццямі, шчырымі і добразычлівымі людзьмі. Менавіта таму сюды любілі прыязджаць на паляванне і рыбалку магнаты з ўсяго Вялікага княства Літоўскага. Асабліва падабалася гэта цудоўная старонка старажытнаму роду Галубоў, ад прозвішча якіх і паходзіць назва нашай вёскі.
Прайшлі стагоддзі, а хараство галубоўскіх мясцін працягвае радаваць чалавечае вока. Змяніліся людзі, але нашчадкі здолелі пераняць майстэрства сваіх бацькоў, дзядоў, прадзедаў. Хараство вясковых вырабаў да сённяшняга дня ўпрыгожвае наша жыццё.
Але не толькі прыгажосцю мясцін і шчырымі ўмельцамі славіцца наша зямелька. Не абышлі гэты зямны рай і трагічныя падзеі. Вялікая Айчынная вайна парушыла шчаслівае жыццё мірных людзей. Яна назаўжды ўрэзалася ў памяць нашага люду, незагойнай ранай адбілася на сэрцы. Але жудасная вайна не паставіла вяскоўцаў на калені і не скарыла. Іх сэрцы не счарсцвелі, а здолелі пранесці праз суровыя будні ўсё самае лепшае і чалавечнае. Вайна скончылася. Прагучалі пераможныя залпы. Пачалося мірнае жыццё з вераю і надзеямі на лепшае. Але нічога не было забыта . І ў самым цэнтры вёскі быў устаноўлены абеліск загінуўшым у гады вайны воінам землякам, удзельнікам партызанскага руху.
На сённяшні дзень у нядоўгім спісе нашых ветэранаў ўсяго два чалавекі.Але кожнае імя – наш гонар. Гэта Марыя Нікандраўна Жукава і Валянціна Іванаўна Гедрэвіч. Яны мужна і аддана змагаліся за нашу шчаслівую будучыню, а з надыходам мірнага жыцця працавалі з раніцы да позняй ночы, гадавалі дзяцей.
Расказваючы пра нашу вёску, немагчыма не закрануць гісторыю школы. Галубоўская школа бярэ свае вытокі яшчэ з тых даўніх часоў , калі Заходняя Беларусь знаходзілася пад прыгнётам Польшчы. Гэта была пачатковая школа , у якой выкладаў усяго адзін настаўнік. І толькі ў 1952 годзе вучні пачалі атрымоўваць сямігадовую адукацыю. А ўжо ў 1953 годзе пачалося будаўніцтва новай школы. З кожным годам яна ўсё больш дабудоўвалася. Нямала ўвагі аддавалася школьнаму музею, які на сённяшні дзень мае шмат узнагарод.
У 19551956 навучальным годзе першыя выпускнікі школы атрымалі сярэднюю адукацыю. На працягу 58 гадоў са сцен нашай школы выходзілі будучыя ўрачы, аграномы, будаўнікі – шчырыя і добрыя людзі. Некаторыя выбіралі прафесію настаўніка, і, адвучыўшыся, вярталіся працаваць у сваю родную вёску. Зараз нас зусім мала, але дзякуючы нашым настаўнікам, школа прадаўжае жыць. Завітайце да нас у госці, і вы не застанецеся без прыемных уражанняў на ўсё жыццё.
Н. ЗМІТРУКЕВІЧ, вучаніца Галубоўскага дзіцячага садасярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад