Вось і прыйшоў жнівень – апошні месяц лета. А якім яно было? Лета – гэта цудадзейная пара. Звычайна ад яго чакаюць дзеці чагосьці незвычайнага і новага, незабыўнага. А таму настаўнікі імкнуцца падтрымаць іх цікавасць і напоўніць вольны час рознымі відамі дзейнасці.
Кожны год класны кіраўнік А.А. Шэлястовіч з вучнямі ДУА “Азёркаўская школа” адпраўляецца ў паход са сваімі навучэнцамі. Гэты год не стаў выключэннем для аднадумцаў. У мінулым годзе група навучэнцаў пад кіраўніцтвам педагога зрабіла круіз на веласіпедах па дарогах нашай роднай Бацькаўшчыны. Цяпер прынялі рашэнне здзейсніць пешы паход, вывучаючы родны край.
Да пачатку паходу аднесліся з усёй сур’ёзнасцю: правялі заняткі па правілах бяспечных паводзін, адпрацавалі тэхніку руху ў калоне па дарозе, абмеркавалі правілы дарожнага руху, затым склалі маршрут.
І раніцай адправіліся ў шлях. Свой маршрут пачалі з аграгарадка Вялікія Азёркі. Нягледзячы на тое, што рукзакі былі цяжкія, шлях няблізкі, паспявалі любавацца маляўнічымі краявідамі і прыгажосцю родных мясцін. Ва ўсіх панаваў узнёслы настрой і агульны ўздым ад чагосьці нязведаннага, новага, натхненне ад чакаючых прыгод. Так, нам патрэбна было прайсці 16 кіламетраў па дарозе, вывучаючы геаграфію і гісторыю населеных пунктаў, ландшафты роднай мясцовасці, лясныя масівы і, канечне, помнікі, якія сустрэнуцца на нашым шляху.
На мяжы Мастоўскага і Дзятлаўскага раёнаў мы спыніліся ля помніка, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам, якія былі знойдзены пошукавым атрадам у 2004 годзе. На месцы раскопак і быў пастаўлены помнік. Другі прыпынак пасля пераходу цераз мост ля берага ракі Шчара – гэта брацкая магіла мірных жыхароў вёскі Вялікая Воля, загінуўшых ад рук нямецка-фашысцкіх карнікаў.
Удзельнікі паходу ўжо істотна прытаміліся, а таму добра абсталяваная турыстычная стаянка паблізу вёскі Малая Воля на беразе ракі Шчара стала для нас у самы раз. Расставілі палаткі і хутчэй купацца. Якая гэта асалода пасля гарачыні апынуцца ў прахладнай вадзе! Усю стому як рукою зняло. А затым самы смачны з пахам дыму турыстычны абед, даверлівая і спакойная размова ля вогнішча.
Усе цяжкасці шляху мы пераадолелі. Час праляцеў хутка, і на другі дзень адправіліся дадому. Паход завяршыўся, а ў памяці засталіся нашы неверагодныя прыгоды, успаміны і ўсмешкі на тварах.
Так, менавіта такія паходы нам дазваляюць у нязвыклых абставінах стаць бліжэй адзін да аднаго, аб’ядноўваюць адзінаю мэтаю, робяць нас вынослівымі і дысцыплінаванымі, развіваюць пазнавальную актыўнасць, выклікаюць цікавасць вывучаць наш родны край.
Таццяна Шэлястовіч,
дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Азёркаўская сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад