Адзінаццацікласніка Рагозніцкай школы Андрэя Лудзіча пасля паездкі ў Гродна аднакласнікі сустракалі ў класе як сапраўднага героя. Былі шчырыя бурныя авацыі і воклічы: ”Ура!”
А вярнуўся Андрэй з выязнога пасяджэння савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў ”Таленавітая моладзь—будучае краіны” з пасведчаннем уладальніка другой прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Яшчэ Андрэй атрымаў спецыяльны прыз ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь—сярэбраныя банкаўскія манеты за перамогу ў намінацыі “Лепшы вучань сельскай школы”. Выпускнікі Рагозніцкай школы шчыра радаваліся за свайго аднакласніка, за цудоўных настаўнікаў, дзякуючы якім Андрэй, і не толькі ён адзін, дасягнуў такіх высокіх поспехаў.
Сам Андрэй лічыць, што сваімі поспехам і ўзнагародай ён абавязаны, у першую чаргу, настаўнікам гісторыі Алене Міхайлаўне Паляжаевай і Сяргею Іванавічу Пярову. Ім удалося зацікавіць хлопца вывучэннем гісторыі. Спачатку была перамога на раённай алімпіядзе па гісторыі, пазней—другое месца на абласной і рэспубліканскай. Каб вызначыцца на апошняй, патрэбна было прыкласці намаганне, старанне і настойлівасць. Гэтыя рысы характару ў яго ад мамы і таты, так мяркуе Андрэй.
А перад гэтым у ліку дзесяці лепшых вучняў раёна Андрэй Лудзіч быў адзначаны спецыяльнай прэміяй старшыні Мастоўскага райвыканкама.Тыя грошы Андрэй разам са старэйшым братам-студэнтам Аляксандрам патрацілі на пакупку наутбука: гэта значыць, на навуковыя мэты.
Цяпер Андрэй з яшчэ большай настойлівасцю спасцігае школьныя навукі, каб паспяхова здаць тэсты і паступіць у Мінск у БДУ.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад