
7 ліпеня над магілай ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Біліды Аляксея Васільевіча загарэлася чырвоная зорка – сімвал вечнай памяці і шчырай удзячнасці.
Менавіта гэтым урачыстым момантам азнаменаваўся чарговы этап патрыятычнага праекта “Чырвоная зорка Героя”, які ставіць перад сабой мэту – ушанаваць памяць змагароў за мір і свабоду, вярнуць імёны і подзвігі ў свядомасць новага пакалення.
Цырымонія ўсталявання зоркі на магіле Біліды Аляксея Васільевіча, ветэрана і патрыёта, стала падзеяй ушанавання памяці. Ваенная біяграфія Аляксея Васільевіча пачалася ў 16-гадовым узросце, калі ён пайшоў у партызанскі атрад. За свае баявыя заслугі атрымаў Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.
– Мы аддаём даніну памяці і павагі чалавеку, які змагаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічаў у партызанскім руху, працаваў у пасляваенны час дзеля жыцця будучага пакалення, даўшы магчымасць нам, нашчадкам, ствараць свабодную і развітую краіну – Рэспубліку Беларусь, – адзначыла Іна Навіцкая, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама.
Алена Рагацэвіч, старшыня Дубненскага сельскага выканаўчага камітэта, падкрэсліла важнасць такіх ініцыятыў, выказала шчырую падзяку тым, хто арганізаваў мерапрыемства, і звярнула ўвагу на неабходнасць працягваць традыцыю ўшанавання герояў.
– Жыццёвы шлях Аляксея Васільевіча – гэта прыклад мужнасці, вернасці Радзіме, маральнай сіле. Ён быў чалавекам, які не толькі змагаўся з ворагам, але і жыў дзеля таго, каб новыя пакаленні маглі пракладваць шлях да мірнай будучыні, - звярнула ўвагу Таццяна Гаўрылава-Ківер, намеснік дырэктара па ідэалагічнай і кадравай рабоце філіяла “Дубна” ААТ Агракамбінат “Скідзельскі”.
Пасля ўрачыстых слоў прагучала хвіліна маўчання. Удзельнікі схілілі галовы ў гонар памяці Біліды Аляксея Васільевіча і ўсіх герояў, што не вярнуліся з поля бою, але пакінулі пасля сябе несмяротны след у гісторыі і сэрцах людзей.
Маўчанне гучала мацней за тысячу слоў. Яно стала тым момантам, калі час нібы спыніўся, даючы кожнаму магчымасць адчуць сваю сувязь з мінулым, пранікнуцца пашанай і ўдзчнасцю за мірнае неба і свабоду.
– Мы, не зведаўшыя вайны, нізка кланяемся Аляксею Васільевічу за самаахвярнасць, за стойкасць і мужнасць, вынослівасць, веру і нязломнасць! Яго моладасць была апалена жорсткім агнём змагання. Мы будзем памятаць пра гэта”, – прагучалі словы члена Моладзевага парламента Маргарыты Халецкай.
– Наш абавязак – берагчы памяць, павагу да стойкасці, мужнасці, беззапаветнай любві да сваёй Айчыны і перадаць гэта наступным пакаленням”, – нагадала Лілія Пусь, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Дубненская сярэдняя школа імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава.
Крысціна Вахрушава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад