Выбар прафесіі – вельмі важны крок у жыцці кожнага чалавека. Чым больш усвядомлена будзе зроблены выбар, тым больш цікавым, насычаным і паспяховым будзе жыццёвы шлях.
І менавіта ўстанова адукацыі, на мой погляд, з’яўляецца тым асяроддзем, дзе складваецца ўяўленне вучня пра сваю прафесію, тым пунктам адпраўкі, з якога вучань накіроўваецца у маршрут будучага жыцця.
Сёлета ўстанову адукацыі “Гудзевіцкая сярэдняя школа” пакінулі 5 выпускнікоў. Сярод іх Ангеліна Эйсмант, якая паступіла ва ўстанову адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы” на факультэт фізічнай культуры. Каб дабіцца такога выніку, дзяўчына шмат працавала над сабой. За гады вучобы прымала актыўны ўдзел ў жыцці ўстановы адукацыі. Праяўляла сябе ва ўсіх сферах – інтэлектуальнай, творчай, спартыўнай. Але перавагу атрымаў спорт. Ён стаў неад’емнай часткай жыцця.
Пастаянныя трэніроўкі патрабавалі сіл і моцнага характару. Дзякуючы сіле волі, дзяўчына ўпэўнена пракладвала сабе дарогу ў спорт. Удзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Былі і паражэнні, былі і перамогі. Без гэтага нельга ў спорце. Толькі так і гартуецца спартыўны характар. І вынік не прымусіў доўга чакаць.
У 2019 годзе Ангеліна заваявала Дыплом II ступені ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, у 2020 годзе – Дыплом I ступені ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. А напярэдадні свайго выпуску атрымала Дыплом II ступені ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Гэта перамога дапамагла ёй упэўнена паступіць на спецыяльнасць “Фізічная культура”.
Сваім поспехам Ангеліна абавязана і настаўніку фізічнай культуры і здароўя Анджэю Занеўскаму. Гэты чалавек – настаўнік ад Бога. Ініцыятыўны, актыўны, творча працуючы педагог. Яго высокі прафесіяналізм праяўляецца дзякуючы мэтанакіраванасці, нястомнай працы, вялікай любві да прадмета, які выкладае. Мала валодаць уменнямі самому, патрэбна іх перадаваць і вучням. Настаўнік дабіваецца таго, каб яны раслі фізічна моцнымі, дужымі і спрытнымі, вучыліся актыўна аперыраваць атрыманымі ведамі, уменнямі і навыкамі. Педагог умела стварае ўмовы для выяўлення здольнасцей і раскрыцця патэнцыяльных магчымасцей адораных вучняў.
Дарэчы, многія яго вучні выбралі прафесію настаўніка фізічнай культуры і здароўя. Іван Станеўскі працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ва ўстанове адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”, Вадзім Ражкоў займаецца з вучнямі на факультатыўных занятках па валейболу ва ўстанове адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну”, Марыя Ярэміч выкладае фізічную культуру і здароўе ва ўстанове адукацыі “ Сярэдняя школа № 34 г.Гродна” і г.д.
З упэўненасцю можна сказаць, што Ангеліна Эйсмант стане таксама выдатным настаўнікам фізічнай культуры. А пакуль мы верым, што яна будзе цудоўнай студэнткай, і шчыра жадаем ёй новых перамог, выдатнай вучобы .
Марына Батвіноўская,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі
“Гудзевіцкая сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад