Навучыць дзяцей думаць, аналізаваць, далучыць іх да прыгожага роднага слова, абудзіць у іх любоў і павагу да роднай зямлі, да людзей – справа нялёгкая. З ёй выдатна спраўляецца настаўнік сярэдняй школы №5 г. Масты Святлана Пронская. Яе прафесіяналізм адзначаны граматай ўпраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама.
Нарадзілася Святлана ў г. Масты. Весёлая, жыццярадасная, яна заўсёды цягнулася да пазнання чагосьці новага, цікавага і займальнага. Падчас вучобы ў СШ №2 з асаблівым задавальненнем чакала ўрокі мовы і літаратуры, дзе ўважліва слухала настаўнікаў, старанна выконвала ўсе заданні. Добрым дарадчыкам і сябрам стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Шымановіч. Менавіта яна захапіла прадметам, дапамагла знайсці сваю дарогу ў жыцці, не забыць родную мову.
– «На ростанях» Якуба Коласа, «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Сэрца на далоні», «Злая зорка» Івана Шамякіна кранулі глыбока маю душу і дапамаглі адчуць духоўную прыналежнасць да роднай зямлі з яе багатай, непаўторнай і гераічнай гісторыяй, – прызнаецца Святлана Эдуардаўна.
У 2002 годзе Святлана Пронская закончыла філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, і ад таго часу пачынаецца і шчасліва доўжыцца яе настаўніцкі лёс.
Яшчэ ў студэнцкія гады натхненне і жыццёвыя сілы далі жывыя зносіны з паэткай Данутай Бічэль-Загнетавай і яе творчасць.
Не разгубілася маладая настаўніца, калі ўпершыню пераступіла парог сярэдняй школы №5 – першага месца працы. Хутка ў вялікім калектыве стала сваёй.
– Сваіх вучняў я заўсёды вучыла адказваць за свой лёс, учынкі, выбар, ганарыцца роднай краінай, быць ёй карыснымі, – распавядала Святлана Эдуардаўна. – У кожным хлопчыку і дзяўчынцы стараюся разгледзець індывідуальнасць, асобу, патэнцыял, імкнуся даць ім магчымасць праявіць уласнае “я”, творчыя здольнасці.
Педагог заслужана ганарыцца вучнямі, якія прымалі ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях.
У 2014 годзе на раённым узроўні канферэнцыі «Пошук. Творчасць. Пазнанне» Максім Шкуда заняў I месца. У гэтым годзе ён таксама стаў удзельнікам канферэнцыі даследчых работ «Хрустальная альфа». З міжнароднай даследчай канферэнцыі «Новыя філаматы» Валерыя Пронская ў 2017 і 2019 гадах вярталася з прызавым II месцам. У 2016 г. яна перамагла на раённым узроўні канферэнцыі «Пошук. Творчасць. Пазнанне», а на наступным этапе конферэнцыі «Крокі ў навуку» ў 2017 г. у Ваўкавыску дзяўчынка стала пераможцай з даследчай працай «Гарадзенскія матывы ў творчасці Дануты Бічэль». На раённай канферэнцыі «Пошук. Творчасць. Пазнанне» Валерыя з даследчай працай «Міфалагічная сімволіка травяністых раслін» атрымала I месца.
У мінулым навучальным годзе Глеб Вангул прымае ўдзел у дыстанцыйнай алімпіядзе «Падабайкі роднай мове». Ужо другі год запар ён за выкананне заданняў атрымліваў дыплом і прызавое месца. Аксана Палуйчык стала адной з дзвюх удзельніц з нашага горада на абласной канферэнцыі «Край Гарадзенскі».
Як прызналіся вучні Святланы Эдуардаўны, удзел у канферэнцыях не толькі стымулюе іх спазнаць нешта новае, але і вучыць самастойнасці, арганізаванасці, дысцыплінаванасці. Несумненна, усё гэта спатрэбіцца ў будучыні.
Зараз Святлана Пронская яшчэ і класны кіраўнік 8 “Г” класа. На прынцыпах дабрыні і шчырасці будуе свае адносіны з дзецьмі. Атмасфера творчасці, супрацоўніцтва педагога і вучняў, узаемаразумення і прысутнічаюць на яе ўроках заўсёды.
Не забываюць Святлану Эдуардаўну і былыя вучні. Яны і сёння тэлефануюць настаўніцы, цікавяцца яе жыццём і дзеляцца сваімі поспехамі.
Крыніцай натхнення на новыя здзяйсненні становяцца «гарачыя» вочы вучняў, іх поспех і прагрэс, падтрымка бацькоў. Сумеснымі намаганнямі можна дамагчыся выніку.
А пасля працы Святлана Эдуардаўна – мама і жонка для дачкі Паліны і мужа Паўла Іванавіча, якіх таксама акружае дабрынёй і клопатам.
– Вельмі люблю сваю працу, бо яна дае магчымасць кожны дзень атрымліваць выдатны зарад энергіі і жыццёвых сіл. Галоўнае для мяне – захаваць маладосць душы на доўгія гады, далучыць вучняў да духоўных каштоўнасцей беларускага народа, абудзіць жаданне шанаваць традыцыі і культуру роднага краю, – падзялілася настаўніца. – Галоўнае – верыць у каханне і сумленне, бо не існуе больш простага спосабу дасягнуць сваіх мэтаў у выхаванні.
Настасся ЗБЕРАНОЎСКАЯ
Фота аўтара і з асабістага архіва Святланы Пронскай
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад