Імкліва бяжыць навучальны год. Выпускнікі ўжо падсумоўваюць свае веды і канчаткова вызначаюцца ў выбары прафесіі. Як не памыліцца і выбраць па душы?
Безумоўна, гэта самае цяжкае рашэнне, якое неабходна прыняць маладому чалавеку. На адным баку шаляў уласныя развагі пра будучы лёс, на другім – парады бацькоў, сваякоў, настаўнікаў, сяброў. Як утрымаць раўнавагу шаляў, каб супалі і магчымасці, і здольнасці, і багаж ведаў, і запаветная мара.
Маладыя людзі губляюцца ў калейдаскопе прапанаваных прафесій. І вельмі важна нам, настаўнікам, прыйсці своечасова на дапамогу нашым вучням. Пагэтаму прафарыентацыйнай рабоце мы адводзім значную ролю ва ўстанове адукацыі. Навучэнцы сумесна з класнымі кіраўнікамі наведваюць Дні адчыненых дзвярэй ва ўстановах адукацыі Гродзенскай вобласці і Рэспублікі Беларусь. Грунтоўна абмяркоўваюць патрэбы дзяржавы ў рабочых спецыяльнасцях і патрэбах эканомікі. Безумоўна, выпускнікі павінны мець уяўленне пра кожную прафесію, каб зрабіць правільны выбар у сваім жыцці.
І канечне, мы, педагогі, прапагандуем прафесію настаўніка. Па запытах навучэнцаў у 2020 і 2021 гадах ва ўстанове адукацыі адкрыты профільныя групы педагагічнай накіраванасці. Сярод першых выпускнікоў педагагічнай групы – Уладзімір Каральчук. У 2022 годзе Валодзя скарыстаўся магчымасцю стаць студэнтам па субяседаванні ва ўніверсітэце і рэкамендацыі педагагічнага савета. Як вынік, Валодзя паспяхова навучаецца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце на факультэце біялогіі і экалогіі.
З мэтай устойлівай матывацыі да педагагічнай прафесіі для выпускнікоў педагагічнай групы 2023 года 3 лютага арганізавана сустрэча за круглым сталом “Імя тваё – НАСТАЎНІК!”. На сустрэчу запрошаны студэнты педагагічных вузаў, маладыя педагогі, ветэраны педагагічнай працы, настаўнікі.
Ірына Мікалаеўна Кандратовіч, класны кіраўнік 11 класа, распрацавала шэраг заданняў для ўдзельнікаў сустрэчы. Навучэнцы і настаўнікі вызначалі, якім павіненен быць педагог, апісвалі яго рабочы дзень і дзяліліся паняццем “зорны час” у прафесіі. Усе аднагалосна прыйшлі да высновы, што настаўнік павінен быць справядлівым, добрым, кампетэнтным, валодаць пачуццём гумару і, безумоўна, любіць дзяцей і сваю работу. Выпускнікі раскрылі глыбіню рабочага дня настаўніка назоўнікамі: будзільнік, школа, клас, план, званок, канспект, урок, адкрыццё, творчасць, пошук, праца, дзеці, дзеці… работа…работа… работа… сон…
“Зорным часам” настаўніка старшакласнікі лічаць як поспех дзіцяці ў засваенні незразумелага матэрыялу, так і ўзнагароды за высокія дасягненні ў вучобе і спорце. Для настаўнікаў “зорны час” – гэта выхаванне дастойных людзей.
– Нам вельмі прыемна, калі пра нашых вучняў пішуць у газетах, калі вучні становяцца добрымі сем’янінамі, працалюбівымі і адданымі сваёй краіне людзьмі, – дзеліцца сваімі думкамі намеснік дырэктара Дзіна Іванаўна Лазовік.
– Безумоўна, “зорны час” для настаўніка – гэта поспехі і перамогі навучэнцаў у конкурсах, канферэнцыях, алімпіядах, спаборніцтвах і турнірах. Кожнаму прыемна, калі яго вучні дасягаюць поспеху, – разважае Вера Мікалаеўна Дзядолка. – “Зорны час” – гэта нават маленькая перамога вучня ў засваенні цяжкай і незразумелай тэмы.
На пытанне, што галоўнае ў працы настаўніка, Святлана Васільеўна Бортнік, сціпла ўсміхнуўшыся, адказвае:
– Патрэбна проста любіць сваю прафесію і дзяцей, любіць такімі, якія яны ёсць на самай справе, а таксама сваім прыкладам рабіць іх лепшымі, узбагачаць іх ведамі, даваць пуцёўку ў жыццё.
Нягледзячы на тое, што навучэнцы педагагічнай групы вывучаюць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную спецыяльнасць” і маюць базавыя веды пра прафесію настаўніка, пытанні да прысутных гасцей сыпаліся адно за адным. Старшакласнікі пацікавіліся ў студэнта-першакурсніка Валодзі Каральчука, як праходзіла субяседаванне ва ўніверсітэце, якія яму выпалі пытанні, ці падабаецца яму навучанне на выбраным факультэце, ці не пашкадаваў аб сваім выбары, ці ёсць вольны час, як праводзяць яго студэнты. Валодзя з задавальненнем, поўна і грунтоўна расказаў пра студэнцкае жыццё, запэўніў, што ніводнага разу не пашкадаваў аб выбары прафесіі настаўніка. Акрамя стараннай вучобы, Валодзя Каральчук – удзельнік патрыятычных акцый на факультэце, валанцёр, спартсмен. Лічыць, што кожны малады чалавек можа знайсці сабе занятак па душы. Усе магчымасці для гэтага ва ўніверсітэце ёсць.
Ветэраны педагагічнай працы Святлана Васільеўна Бортнік і Вера Мікалаеўна Дзядолка адказалі на пытанні навучэнцаў, чаму яны выбралі прафесію настаўніка, якія рысы характару павінен мець настаўнік.
Святлана Васільеўна прызналася, што не адразу стала настаўнікам. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працавала ў Нацыянальна-даследчым інстытуце, у канструктарскім бюро, Дубненскім сельскім Савеце. У школу прыйшла па просьбе дырэктара Валянціна Аляксеевіча Дробата. І засталася ў школе назаўжды. Выкладала матэматыку і інфарматыку звыш 30 гадоў. Яна пераканана, што настаўнік – гэта не прафесія, а прызванне. Каб стаць настаўнікам, не проста атрымаць дыплом. Патрэбна любіць сваю працу, дзяцей, а парою нават ахвяраваць нечым у імя гэтай справы.
Святлана Васільеўна дала параду Юліі Пасунька, якая мае намер стаць настаўнікам матэматыкі, не здраджваць мары, а ўпэўнена крочыць да мэты.
Вера Мікалаеўна Дзядолка шчыра адказала на пытанні Аліны Жамойцінай, якая таксама плануе стаць настаўнікам.
– Ці лёгка вучыцца на факультэце пачатковых класаў? – спыталася Аліна ў свайго настаўніка.
– Я скажу так: цікава! – запэўніла Вера Мікалаеўна і дадала: – Вучыцца – гэта заўжды праца. Неабходна быць для дзяцей не толькі настаўнікам, але сябрам і дарадцам. Асабліва ў пачатковых класах, калі ты для іх і настаўнік, і матуля.
У профільнай групе педагагічнай накіраванасці займаецца чатыры навучэнцы. Усе яны адказныя, мэтанакіраваныя, ініцыятыўныя маладыя людзі, здольныя прымаць рашэнні і павесці за сабой. Ветэраны педагагічнай працы пажадалі выпускнікам упэўнена крочыць у будучыню, верыць у свае сілы, зрабіць правільны выбар будучай прафесіі і не здрадзіць мары – стаць настаўнікамі. Сапраўдны настаўнік – гэта прафесія плюс прызванне. Калі яны супадаюць, чалавек шчаслівы сам і прыносіць шчасце другім.
А мы, настаўнікі, упэўнены, што для Юліі Пасунька, Андрэя Валадашчыка, Віалетты Лапіч, Паліны Несцеравай педагог – гэта прафесія і прызванне!
Лілія ПУСЬ,
дырэктар Дубненскай сярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад