Каторы раз дзіўлюся людзям нашай вёскі. Сярод іх столькі таленавітых, цікавых, душэўных людзей. Нягледзячы на цяжкую , паўсядзённую працу, жыццёвыя выпрабаванні, яны ўмеюць мужна пераадольваць наканаванні лёсу і ў той жа час не перастаюць радавацца жыццю. Нездарма іх так усхвалялі ў сваіх творах нашы беларускія класікі.
Мікалай Іванавіч і Лідзія Фёдараўна Лазовікі з прыгожай вёсачкі Дашкаўцы жывуць разам ужо многа гадоў. Разам сустрэлі старасць. Ім абодвум ужо за 80 гадоў, але яны працягваюць жыць поўным і гарманічным жыццём, прычым, душа ў душу, а з’ядноўваюць іх сумесныя клопаты, кнігі і... палявыя кветкі.
Ледзь толькі займаецца дзень, як Мікалай Іванавіч і Лідзія Фёдараўна ўжо на нагах. Праца не чакае. Не будуць чакаць і жывёлкі, якія ўжо зрання патрабуюць сняданку. А маюцца ў гаспадароў тры, як яны кажуць, вельмі пацешныя козачкі, дзве авечкі, сем курачак і некалькі індзюшак, а таксама кот ды сабакі. З імі ў гаспадароў асаблівыя таварыскія адносіны.
Шмат часу Мікалай Іванавіч і Лідзія Фёдараўна аддаюць чытанню – гэта іх любімы занятак. Гэта і сур’ёзная мастацкая літаратура розных краін, і перыядычныя выданні. Яны пастаянна выпісваюць “Зару над Нёманам”, “Аргументы і факты”, “Народны доктар”, “Гаспадыню”, “Нашу кухню”. Перачытваюць творы беларускіх, расійскіх, англійскіх, амерыканскіх, французскіх аўтараў. Літаратурныя густы ў мужа і жонкі таксама супадаюць. Іх вабіць проза Сіпакова, Караткевіча, Шамякіна, натхняюць вершы Багдановіча, Куляшова, Купалы, Танка, паэтаў Сярэбранага веку. Вельмі падабаецца і творчасць Драйзера, Гюго, Бальзака і многіх іншых. Не хапіла б і старонкі, каб пералічыць усіх аўтараў, якімі захапляюцца героі гэтага артыкула. Як кажа Мікалай Іванавіч: “ Пакуль мы чытаем, думаем, разважаем, - мы жывем”.
Дарэчы, Мікалай Іванавіч і сам любіць пісаць. Не раз ён дасылаў свае нататкі ў раённую газету, складаў і складае зараз лірычныя вершы пра жыццё, прыроду, прыгажосць роднага краю. Гэта – яго аддушына.
Ёсць сваё асабістае хобі і ў Лідзіі Фёдараўны. Яна займаецца зборам лекавых раслінаў. Няма той травінкі ці былінкі, назвы якіх яна б не ведала. Муж расказвае: “Вось, бывае, назбіраю я ёй цэлы букет палявых кветак, прынясу, падару, а яна назаве мне кожную раслінку і пра кожную раскажа”. Ды і лечацца яны цяпер толькі народнымі рэцэптамі, вось ужо больш за пяць гадоў прайшло, як не выпілі ніводнай таблеткі. Усё сваё жыццё Мікалай Іванавіч і Лідзія Фёдараўна прысвяцілі настаўніцкай дзейнасці. Абодва маюць вышэйшую адукацыю. Пакуль не пераехалі ў Дашкаўцы, працавалі ў школах нашага раёна і не толькі. Ён выкладаў фізкультуру, часам біялогію, чарчэнне і іншыя прадметы, яна -- геаграфію, гісторыю, матэматыку, нямецкую мову. Далі жыццё двум дзецям. Дачка Наталля скончыла Ленін-градскі хіміка-тэхнічны інстытут, жыве зараз з імі. Лёс сына Юры склаўся трагічна, ён загінуў на апошнім курсе Ленінградскага караблебудаўнічага інстытута. Успаміны пра сына да гэтага часу вострым болем адзываюцца ў бацькоўскіх сэрцах.
Цяжкасцей і выпрабаванняў у сям’і Лазовікоў было нямала. Напэўна, гэта доля кожнага чалавека, але яны не скары-ліся абставінам і знайшлі ў сабе сілы справіцца з усім. І цяпер радавацца кожнаму новаму дню дапамагаюць праца, добрая кніга, творчасць і родны чалавек побач.
А. КАНДРАТОВІЧ
На здымку: Мікалай Іванавіч і Лідзія Фёдараўна ЛАЗОВІКІ.Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад