Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

Праца і старанне заўсёды ў пашане

Праца  і старанне заўсёды ў пашане02 сентября 2014 — 10:00

Убраць хлеб, якім шчодра сёлета адарыла мастоўская зямля, справа надзвычай адказная. Яе давяраюць самым руплівым ды дбайным хлебаробам. Аднак не менш важна дапрацаваць абмалочанае зерне, дасушыць яго, каб пасля прадаць дзяржаве, ці выкарыстаць у якасці насеннага матэрыялу або фуражу. Таму ліпень і жнівень выдаліся клопатнымі не толькі для камбайнераў і вадзіцеляў, але і для аператараў зернесушыльных установак.На гэты раз разам са старшынёй раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктарам Міхайлавічам Метлюком адпраўляемся ў гаспадаркі, каб пазнаёміцца і ўшанаваць лепшых работнікаў зернесушылак.

— У Лунна вас чакае сапраўдны сюрпрыз. Ды хутка самі ўсё ўбачыце, — інтрыгуе Віктар Міхайлавіч па дарозе. Дарэчы, ён за сёлетнюю ўборку ўжо не раз і не два наведаў сельгаспрадпрыемствы раёна, добра ведае абстаноўку ў кожным з іх, ход спраў, настрой лю-дзей, поспехі і праблемы вясковых працаўнікоў. Значную дапамогу яму ў гэтым аказваюць старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый  гаспадарак. У дадзеным выпадку да нас далучаецца Аліна Іосіфаўна Хоха – старшыня прафкама адкрытага акцыянернага таварыства “Чарлёна”.

— Сёлета ў нас упершыню на зернесушылках працуюць дзве сямейныя пары. Ды як працуюць – арганізавана, зладжана, а галоўнае – прадукцыйна, — расказвае Аліна Іосіфаўна пра абяцаны сюрпрыз. – Ды вось яны самі – знаёмцеся: aТрахімовічы і Расохіны.Насустрач нам набліжаліся мужчыны і побач з імі дзве мілавідныя стройныя жанчыны.

— Затое нам лёгка па 30-метровай лесвіцы ўзбірацца, — у адказ на мой здзіўлены позірк з усмешкай адзначае Кацярына Генадзьеўна Трахімовіч. Разам з мужам  Андрэем Мар’янавічам яны працуюць на зернесушылцы КЗСВ-40 і ўжо прасушылі 3660 тон зерня і рапсу. Гэта лепшы рэзультат у гаспадарцы, які і быў адзначаны прэміяй як мясцовага прафкама, так і райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Да слова, Кацярына Генадзьеўна да гэтага працавала санітаркай у Лунненскай участковай амбулаторыі, а цяпер вырашыла прадоўжыць сваю працоўную дзейнасць на складзе.Кацярына Генадзьеўна і Андрэй Мар’янавіч запрашаюць нас на сваё працоўнае месца, цікава расказваюць пра абавязкі і адказнасць.  Цікава, што калі муж сочыць за датчыкамі на пульце, жонка ўздымаецца на вышыню.

— Не страшна? – пытаюся ў жанчыны.— Не, зусім не страшна. Мне падабаецца, — шчыра адказвае суразмоўца.— А калі з мужам удваіх на змене, хто за дзецьмі глядзіць? – працягваю гутарку.— Мае бацькі побач жывуць. З раніцы да іх адпраўляем, — гаворыць Кацярына Генадзьеўна. – Ды яны ў нас ўжо вялікія, праблем няма.— А муж не супраць быў, каб працаваць разам? – цікаўлюся.— Не, наадварот. Мы разумеем адзін аднаго, як кажуць, з паўслова. Таму і праца ладзіцца, — быў адказ.

Поўнае ўзаемаразуменне ў працоўных пытаннях і ў Аксаны Уладзіміраўны і Міхаіла Юр’евіча Расохіных, што працуюць на зернесушылцы М-819. На рахунку гэтай сямейнай пары – 1348 тон перарацаванага зерня і рапсу. Міхаіл Юр’евіч штогод на час жніва пераходзіць на сушылку, а так ён у гаспадарцы з 2001 года электрыкам працуе. Аксана Уладзіміраўна ўпершыню ў памочнікі да мужа “запісалася”, аб чым ніколькі не шкадуе.Задаволены работай сваіх падначаленых і загадчык склада Юрый Эдуардавіч Вежаль.

— Дарэчы, гэта я прапанаваў ім папрацаваць разам. Як бачыце, мае высновы аказаліся правільнымі: жанчыны не толькі справу добра асвоілі і на ўсе сто працэнтаў яе якасна выконваюць, але і ўнеслі нейкую заспакоенасць, парадак навялі на тэрыторыі і ў бытоўках. Адныя плюсы ад такога тандэма, — разважае Юрый Эдуардавіч, дэманструючы ідэальную чысціню навокал: нідзе ні паперкі, ні травінкі, ні зярняці – быццам не склад, а танцпляцоўка...

На развітанне яшчэ раз жадаем руплівым вяскоўцам поспехаў і накіроўваемся ў Гудзевічы. Тут працуюць яшчэ адны лідары сёлетняга жніва сярод аператараў КЗС.Нас сустракае начальнік механізаванага збожжасховішча закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы” Андрэй Леанідавіч Мазаль.

— У нас маюцца дзве сушыльныя ўстаноўкі і дзве насенныя лініі. Прасушылі 7890 тон зерня новага ўраджаю. Рыхтуем насенне: азімая пшаніца, трыцікале і ячмень ужо поўнасцю падрыхтаваны, у дадзены час вядзецца ачыстка яравой пшаніцы, — адразу ж “засыпаў” нас інфармацыяй Андрэй Леанідавіч, праводзячы невялікую экскурсію па сваёй клопатнай гаспадарцы.

Менавіта тут, на складзе ў Гудзевічах, на пратраўліванні насення  працуе Валерый Кузьміч Палавеня. У час жніва ён разам з Аляксандрам Генадзьевічам Сапожнікавым – мясцовым механізатарам – на зернесушылцы КСЗВ-40-Г, што знаходзіцца на ўчастку “Радзявічы”, перапрацавалі 7330 тон зерня. Сваёй працай і стараннасцю яны заслужылі словы ўдзячнасці і матэрыяльнае заахвочванне ад кіраўніцтва і прафкама гаспадаркі, а таксама ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.

— У гаспадарцы я працую з 2000 года, а на зернесушылцы – пяты сезон, — расказвае Валерый Кузьміч Палавеня пра сябе па нашай просьбе. – Жанаты, маю дваіх сыноў: старэйшаму Андрэю пяць гадоў, а малодшы Мікітка нарадзіўся сёлета, 3 жніўня.

Да віншаванняў за паспяховыя вынікі ў працы далучаюцца і віншаванні з такой радаснай нагоды  як нараджэнне сына. Значыць, вёска стала багацей яшчэ на аднаго жыхара.Па ўмовах раённага спаборніцтва райкам прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіў аператараў КЗС кожнай гаспадаркі, што прасушылі і дапрацавалі найбольшую колькасць зерня з пачатку і да канца ўборкі. Сёлета былі таксама адзначаны прафсаюзам Віктар Пятровіч Аутка і Іван Іванавіч Лупач з філіяла “Дубна”, Станіслаў Рышардавіч Мазец і Генадзь Уладзіміравіч Цяслоўскі з СВК імя Адама Міцкевіча, Аляксандр Канстанцінавіч Жук, Уладзімір Міхайлавіч Жмінда, Мікалай Мікалаевіч Васько, Сяргей Мікалаевіч Васько з СВК “Азяранскі” і звяно Аляксандра Фёдаравіча Куля з МРУСП “Мастаўчанка”. Як кажуць, па працы – і пашана.

Н.ШЭЎЧЫКНа здымках: ладзяцца справы ў Аксаны Уладзіміраўны і Міхаіла Юр”евіча РАСОХІНЫХ, што працуюць на зернесушылцы М-819 ААТ «Чарлёна»; узнагароды  ад прафкама гаспадаркі і райкама прафсаюза работнікаў  АПК сёлета атрымалі Кацярына Генадзьеўна і Андрэй Мар”янавіч ТРАХІМОВІЧЫ.Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио