Выхаванне сапраўднага патрыёта – складаны і бесперапынны працэс, які патрабуе шмат намаганняў, плённай і мэтанакіраванай працы.
Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу і першыя крокі даследчай дзейнасці дазволілі выхавальнікам дашкольнай адукацыі сумесна з выхаванцамі і іх бацькамі стварыць “Кнігу памяці”, у якой сабраны матэрыял аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на Мастоўшчыне. Кніга была прадстаўлена на V Беларускіх Калядных чытаннях “Вялікая перамога: спадчына і нашчадкі”. На раённым аглядзе-конкурсе шматфункцыянальных дыдактычных дапаможнікаў “Беларусь − мая гісторыя”, прысвечаным Году гістарычнай памяці, у намінацыі "Дзецям аб Вялікай Перамозе” “Кніга памяці” была адзначана дыпломам II ступені. У кнізе выкарыстаны дакументальныя матэрыялы Народнага музея баявой славы ДУА “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”, дакументы з сямейных архіваў выхаванцаў, сабраны ўспаміны ўдзельнікаў ваенных падзей.
Гартаючы старонкі “Кнігі памяці”, дзеці знаёмяцца з жыццём і гераічнымі подзвігамі прадзедаў і прапрадзедаў, на долю якіх выпалі цяжкія ваенныя выпрабаванні. Асабліва пранікнутыя болем і страхам успаміны былых вязняў фашысцкіх канцлагераў Габрыянчык А.А., дачкі вязня Асвенцыма Паўшок М.І. Кранаюць сэрца ўспаміны Дубіцкага С. П., якому было наканавана нарадзіцца ў фашысцкім лагеры, Казак Т.В., якую ў шаснаццацігадовым узросце вывезлі ў Германію на прымусовыя работы. Цяжка сабе ўявіць тое, што адбывалася на палях баёў, у вёсках, дзе пражывала мірнае насельніцтва. З успамінаў Якубчыка Міхаіла Іосіфавіча: “Вайна – гэта ў першую чаргу гібель людзей. Вельмі цяжка бачыць, як у танку гараць твае сябры, як пасля кожнага бою застаецца ўсё менш і менш тых, з кім пачынаў баявы шлях. Людзей гінула вельмі шмат. Загінуўшых было столькі, што ў некаторых месцах танкі буксавалі па трупах…” Старонкі кнігі знаёмяць з воінскімі захаваннямі і помнікамі, якія ўстаноўлены ў аграгарадку Лунна і бліжэйшых вёсках. Выхаванцам добра знаёмы помнік воінам, якія абаранялі Лунна, помнік устаноўлены ў памяць землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, помнік Івану Шарамету, помнік загінуўшым яўрэям. З кнігі можна даведацца пра невядомага салдата, чырвонаармейца 440 стралковага палка, які загінуў за вызваленне Лунна 15 ліпеня 1944 года, імя якога стала вядомым дзякуючы пошукам пляменніцы. У раздзеле “Іх няма ўжо сярод нас…” − ваенныя фотаздымкі жыхароў, якія пражывалі ў ваенны час у Лунна. Паколькі Лунна было тыповым яўрэйскім населеным пунктам, асобныя старонкі кнігі прысвечаны складаным умовам жыцця яўрэяў у ваенны час.
Тэма вайны заўсёды была і будзе актуальнай для сучаснікаў. Знайшла яна водгук і ў творах нашай зямлячкі – паэтэсы Ірыны Данік . У “Кнізе памяці” сабраны вершаваныя творы і копіі рукапісаў вершаў паэтэсы пра вайну.
Апошнія старонкі прысвечаны сумеснай творчасці дашкольнікаў і іх бацькоў на тэму “Вайна вачыма дзяцей”. Выхаванцы па-рознаму “бачаць” і малююць вайну. Яны ўспрымаюць яе са слоў дарослых, успамінаў старэйшых, з мастацкіх фільмаў, фотаздымкаў на старонках газет і кніг. Так і павінна быць. “Кніга памяці” будзе напамінам аб наступствах вайны, якія ніколі не павінны паўтарыцца. Кніга не дапісана да канца, яна паступова папаўняецца новымі звесткамі і фактамі.
Наталля Буркас,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Лунненскі дзіцячы сад”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад