23 мая 2026 — 13:44
Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Менавіта гэтыя словы прыходзяць у галаву, калі трэба расказаць пра Анастасію Грышкевіч, вучаніцу Гудзевіцкай сярэдняй школы.
Ужо ў чацвёрты раз прайшоў Міжнародны конкурс творчых і даследчых работ “Філарэтаўскія чытанні” ў гонар Першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) “Вытокі нацыянальнай ідэнтычнасці: духоўнасці злучаючая нітка”.
Конкурс праводзіўся на базе гімназіі №10 г. Гродна, якая носіць яго імя. Вучаніца 8 класа ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа” Анастасія Грышкевіч заваявала дыплом II ступені. У гэтым конкурсе дзяўчынка ўдзельнічала ўжо другі год запар, у мінулым годзе быў дыплом III ступені.
Анастасія пісала эсэ на тэму “Жыццё ў імя служэння, служэнне ў імя жыцця”, якое было прысвечана святым заступніцам зямлі беларускай. “Жыццё нашых святых – гэта сапраўдныя ўрокі маральнасці. Гэта ўрокі пакоры, урокі паслухмянасці бацькам, урокі цярпення і вернасці абранаму шляху, урокі незвычайнай працавітасці, урокі бездакорнай сціпласці, урокі любові да сваёй Айчыны”, – з упэўненасцю сцвярджае ў сваёй рабоце дзяўчынка.
Анастасія прымала ўдзел і ў XII міжнародных Тураўскіх чытаннях, прысвечаных памяці свяціцеля Кірылы Тураўскага. Чытанні накіраваны на фарміраванне духоўна-маральных якасцей асобы, выхаванне патрыятызму і грамадзянскасці вучняў на аснове духоўных і культурных традыцый краіны, беларускага народа, развіццё глыбокага разумення важных для станаўлення Рэспублікі Беларусь гістарычных падзей. Анастасія падрыхтавала даследчую работу ў намінацыі “Гісторыя і культура маёй малой радзімы”. Удзел у чытаннях аказаўся досыць паспяховым – дыплом III ступені.
Дарэчы, на днях скарбонку ўзнагарод Анастасіі папоўнілі дыплом І ступені абласной алімпіяды для вучняў II ступені агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” і дыплом III ступені па вучэбным прадмеце “Беларуская мова і літаратура”. Варта дадаць, што дзяўчынка не пакідае па-за ўвагай іншыя прадметы, імкнецца быць паспяховай ва ўсіх накірунках. Анастасія – выдатніца, старанная і вельмі матываваная. Гэта не першае яе выніковае выступленне. Вось ён – плён стараннасці ў спалучэнні са здольнасцямі.

Мы ганарымся дасягненнямі Анастасіі і жадаем ёй далейшых поспехаў!
Наталля ДЗЯМБІЦКАЯ,
класны кіраўнік 8 класа
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад