- А ці будзе сёння пенсія? А за крэдыт можна аплаціць? А што смачнага да кавы ў вас ёсць? Ці прыйшла мне мая пасылка? Адказы на такія пытанні добра ведае Святлана Іосіфаўна Улінцкене начальнік аддзялення паштовай сувязі «Вялікая Рагозніца». Святлана Іосіфаўна вядомая не толькі ў сваёй вёсцы, але і далёка за яе межамі.
У 2012 годзе стала прызёрам абласнога конкурсу прафмайстэрства сярод начальнікаў сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі і ў складзе зборнай каманды вобласці прымала ўдзел у рэспубліканскім этапе конкурсу. І вельмі прыемна адзначыць, што Святлана Іосіфаўна ў 2014 годзе стала пераможцай рэспубліканскага этапа конкурсу сярод начальнікаў гарадскіх і сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі. У гэтым годзе таксама рыхтуе сваю каманду на абласны этап. Я сама з Вялікай Рагозніцы, і мне вельмі прыемна, што наша аддзяленне паштовай сувязі мае столькі ўзнагарод. Гэта і дыпломы, і граматы, і кубкі. Я вельмі ганаруся такім адукаваным, чулым, уважлівым, спагадлівым спецыялістам і чалавекам, як Святлана Іосіфаўна. Жыла і вучылася яна ў Калінінградзе. Пераехала ў Беларусь у 90х гадах. У Вялікай Рагозніцы працуе на пошце ўжо 19 гадоў. Галоўны працоўны дэвіз: “ Хутка! Надзейна! Даступна! Галоўны на пошце кліент. Таму нашы людзі па 23 гадзіны ў чарзе не стаяць”, - адзначыла Святлана Іосіфаўна.
На працы да кожнага чалавека адносіцца сур’ёзна. “ Гэта праца мне вельмі падабаецца, таму што ведаеш патрэбы кожнага жыхара вёскі, і з людзьмі цікава мець зносіны, а некаторыя нават прыходзяць за нейкай парадай. І калі падабаецца праца даб’ешся ўсяго, і ніякія цяжкасці нястрашныя”. Мясцовыя жыхары лічаць, што Святлана Іосіфаўна ва ўсіх пытаннях кампетэнтная.
Алла Іосіфаўна КАНДРУК, вартаўнік на Рагозніцкім крахмальным заводзе:- Гэта такая жанчына, што не хапае слоў,каб яе расхваліць. Вельмі ўважлівая, прыязная, гасцінная. Калі заходзіш да яе на пошту, адчуваеш сябе як дома. Заўсёды цёпла сустракае, дасць добрую параду. Ведае, што любіш чытаць і што смачнае купляеш да кавы. Кожнага чалавека ведае ад А да Я.
Галіна Мікалаеўна ПЯРОВА, настаўнік пачатковых класаў Рагозніцкай сярэдняй школы:- Калі б было больш такіх людзей, то можна было б будаваць камунізм! Гэта чалавек ад Бога. Заўсёды дасць правільную параду. А старэйшым людзям, увогуле, з ёй пашанцавала. Хочацца, каб такіх уважлівых людзей было больш.
Часлава Францаўна СМЫКОЎСКАЯ,пенсіянерка: - Вельмі добры чалавек. Заўсёды ўважлівая, спагадлівая, разумее людзей з паўслова. На такой працы цяжка працаваць, бо трэба да кожнага чалавека знайсці падыход, што добра атрымоўваецца ў Святланы Іосіфаўны. Вельмі прыемна прыходзіць на пошту да такога чалавека і ажыццяўляць розныя плацяжы.
Мне самой давялося зайсці на пошту, пагутарыць са Святланай Іосіфаўнай і даведацца, як жа, увогуле, працуе наша аддзяленне паштовай сувязі.
-- Якія вёскі абслугоўвае наша аддзяленне і колькі чалавек працуе на пошце? -- Наша аддзяленне сувязі абслугоўвае 7 вёсак: Забалацце, Войдзевічы, Лявонавічы, Логнавічы, Лаўры, Малая Рагозніца, Вялікая Рагозніца. На пошце працуе адзіны паштальен Таццяна Станіславаўна Свістун. Паштальён дастаўляе не толькі пенсіі, газеты, часопісы, але і тавары першай неабходнасці. Усю працу, акрамя дастаўкі газет на аддаленныя вёскі, выконвае ўсяго адзін паштальён.
-- Як ідзе падпіска на газеты?-- Людзі актыўна выпісваюць розныя газеты і часопісы. Калі гаварыць пра “Зару над Нёманам”, то яе выпісвае большая палова сем’яў 144 экзэмпляры, а “ Гродзенскую праўду” – 32. Гэта сведчыць аб тым, што нашых людзей цікавіць жыццё нашай Мастоўшчыны.
-- У наш інфармацыйны час людзі прывыклі карыстацца інтэрнэтам, а ці наклала гэта адбітак на працу пошты?-- Калі гаварыць пра інтэрнэт, то можна адзначыць, што амаль кожны жыхар мае доступ да інтэрнэта, але ўсё роўна людзі прыходзяць на пошту, каб аплаціць за розныя паслугі. Мы стараемся ісці ў ногу з часам, таму інтэрнэт не ўносіць збояў у працу.
-- Якія можна выканаць аперацыі і плацяжы на пошце? -- У нашым аддзяленні можна выконваць наступныя аперацыі: страхаванне, аплату розных паслуг, можна набыць тавары першай неабходнасці, а таксама заказаць тавары па каталогу. Аплаціць за тэлефон, газ, электрычнасць, ваду, вываз смецця. Таксама прадаем бытавыя тавары, прадукты харчавання. Усе тавары ў асобных упакоўках. Паслуга па продажу прадуктаў даволі новая ў нашай вёсцы існуе каля двух гадоў. На тэлефон кладуць грошы, хаця ў вёсцы працуе банкамат, але старэйшыя людзі ўсё роўна больш давяраюць пошце. Калі закрылі банк, плата ўсіх паслуг перайшла на пошту( акрамя валютных аперацый). Можна нават папоўніць рахунак картак МТБанка, ПрыорБанка, пасля гэтымі карткамі можна аплочваць праз інтэрнэт.
-- Ці пішуць людзі лісты і ці адпраўляюць пасылкі? -- За тыдзень, у сярэднім, адпраўляецца 6 лістоў. Але сярод іх няма лістоў на беларускай мове. Адпраўляюць лісты першым класам, адпраўлены ліст ідзе адзін дзень. Паслуга каштуе 98 капеяк, розніца са звычайным складае ўсяго 50 капеяк. Гэта даволі новая паслуга, і ў нашай вёсцы існуе толькі два гады. Таксама адпраўляюць экспрэсдастаўкі ЕМС. Напрыклад, да Ленінграда пасылка ідзе 23 дні. Часцей за ўсіх адпраўляюць пасылкі студэнтам. Таксама можна адправіць грашовы перавод у любы куток за 30 хвілін.
-- Ці набываюць паштоўкі і латэрэйныя білеты?-- Вясковыя жыхары купляюць паштоўкі часта. Паштоўка будзе заўсёды ў модзе і цане.Купляюць латэрэйныя білеты, але выйгрышы невялікія. Толькі двум вясковым ігракам давялося паехаць на тэлегульню “Суперлато”, “Ваша лато”.
-- Як многа людзей карыстаецца паштовымі паслугамі?-- Кожны дзень прыходзіць шмат людзей. Асабліва многа ў аўторак. Таму што наша почта ў нядзелю і панядзелак не працуе. У дзень у сярэднім прыходзіць чалавек 70. Як бачна, папулярнасць пошты не знікла. Колькасць люзей, якія карыстаюцца паштовымі паслугамі ў Вялікай Рагозніцы, толькі расце. “Пошта заўсёды будзе існаваць і ніколі не знікне”, дапоўніла Святлана Іосіфаўна.
М. ХАРЫТОНАВА, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта ГрДУ імя Я. Купалы
Фота С. ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад