08 марта 2026 — 12:55
Беларуская жанчына
Забыўшыся пра сон і адпачынак,
Гадуючы краіну, як дзіця,
Стварае беларуская жанчына
Карціну паўсядзённага жыцця:
Рассыпле каляровыя пялёсткі
На сонныя палеткі і дамы,
Каб прачыналіся і гарады, і вёскі
Ад доўгае марознае зімы.
Якія фарбы ёй заўжды патрэбны,
Каб адчуваць жыццё, нібыта спеў,
Каб плыў па-над краінай водар хлебны
Ды смех дзіцячы радасна звінеў?
Тут колер працавітасці жаночай
І незвычайнай, яснай дабрыні,
Матулінай пяшчотай цешаць вочы
І грэюць свет, як сонца прамяні.
Тут каларыт руплівай гаспадыні,
Што ў доме забяспечыць дабрабыт,
Ды шчодрым скарбам зноў напоўніць скрыні,
А смутак ды тугу звядзе ў нябыт.
Ёсць на карціне творчасць і натхненне,
Зямелькі беларускай прыгажосць,
Сучаснасці шчаслівае імгненне
І будучыня тут таксама ёсць!
Яна малюе мірную дарогу,
Свой край, які не хоча ваяваць.
Ёй – не пярэч, яна – мастак ад Бога
І ведае, як трэба маляваць.
Нікога і ніколі не пакіне
Яна ні ў небяспецы, ні ў бядзе.
Упэўнен Гаспадар, што Гаспадыня
Ніколі і ні ў чым не падвядзе!
І ёю ганарыцца ўся Айчына
І для сябе не робіць адкрыцця –
Стварае беларуская жанчына
Карціну паўсядзённага жыцця.
Таццяна АБУХОЎСКАЯ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад