Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумКультураБлоги наших журналистовИрина БочкоНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?Беларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордитьсяГод качестваГод мира и созидания

Победители Мостовского районного конкурса стихов

Победители Мостовского районного конкурса стихов24 сентября 2023 — 09:00

Мінулы тыдзень на Мастоўшчыне прайшоў пад знакам бібліякаравана “Кнігі будуюць МАСТЫ”. Падчас святочных мерапрыемстваў былі падведзены вынікі раённага конкурсу  на лепшы аўтарскі верш, прысвечаны гораду Масты і сваёй малой радзіме.

Конкурс арганізаваны Мастоўскім раённым грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз жанчын”, дзяржаўнай установай культуры  “Мастоўская раённая бібліятэка”, установай “Рэдакцыя газеты “Зара над Нёманам”.

Для ўдзелу ў адрас арганізатараў была накіравана вялікая колькасць творчых работ, прысвечаных Мастоўшчыне. Журы прышлося несалодка! Шмат дыскусій адбылося падчас падвядзення вынікаў. Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што ў нашым раёне пражываюць творчыя людзі, неабыякавыя да малой радзімы, яе культуры, паэзіі, традыцый, гісторыі.

Вынікі падведзены і аб’яўлены падчас прэзентацыі рэспубліканскага літаратурна-патрыятычнага праекта “Бачу Беларусь такой”. Як і абяцалі, сёння мы друкуем вершы пераможцаў конкурсу.

Таццяна Абухоўская, пераможца конкурсу ў намінацыі 31+.

Вёсачка

Тут сарамлівы вечар

Ціха крочыць з узгорачка,

Тут анёлавай свечкаю

Ўсміхаецца зорачка.

 

Свеціць вокнамі хата,

А над комінам – дым,

І спяваюць дзяўчаты

Аб каханні сваім.

 

Ты матулінай сцежкаю

Ў родны край зазірні,

Тут вітаюць з усмешкаю,

Тут твае карані.

 

Будзе радасць дзяржаўная

За малы родны кут,

Людзі ў горадзе слаўныя,

Ды нягоршыя тут.

 

Хто працуе ў горадзе – 

У сваёй хаце госць.

Хоць няшмат у нас моладзі,

Але ўсё ж яна ёсць!

 

Дабрабыт тут наладзілі,

Ды застацца змаглі.

Дзякуй вам, што не здрадзілі

Сваёй роднай зямлі.

Таццяна Іосіфаўна захаплялася літаратурай з дзяцінства. Менавіта тады і пачала пісаць вершы. Тэматыка яе твораў вельмі разнастайная: любоў, прыгажосць прыроды, родныя мясціны. Значная частка вершаў прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу салдат, партызанаў і мірных жыхароў. Яшчэ словы аўтара пакладзены на музыку – і сёння гучаць песні.

– Я працую ў сельскай мясцовасці, і мне вельмі падабаецца тое, што жыхары ваколіц аг. Дубна шчыра і ўдала працуюць на сваёй зямлі, што прыязджае моладзь, якая застаецца тут жыць, што і дарослыя, і дзеці прыходзяць у сельскі цэнтр творчасці спяваць, ладзіць святы. Гэта сведчыць аб  моцнай любові да сваёй малой радзімы, каранях, якія надаюць трываласці. Таму ім і прысвячаю свае вершы, і твор на конкурс быў выбраны менавіта такі. Я вельмі ўражлівы чалавек: усё, што выклікае эмоцыі ў маёй душы, стоновіцца тэмай для новых вершаў. На маю думку, добрая, якасная паэзія не толькі выхоўвае чалавека, але надае яму сэнс жыцця. І трэба ўмець яго бачыць!

Вікторыя Палойка, пераможца конкурсу ў намінацыі да 31 года.

Сёстры Хатыні

Магчыма, цяжка боль адчуць,

Боль не сваёй душы.

Магчыма, цяжка крык пачуць,

Крык на сляпой мяжы.

Шымкі не могуць гаварыць,

Жыцця згубіўшы след,

І помнікам услед глядзіць,

У чысты, мірны свет.

 

Калісь і тут было жыццё,

Дзіцячы чуўся смех,

Людское шчасце ў снах жыло,

Кахаць было не грэх…

 

Тут зерне сыпалі ў зямлю,

З ільну плялі вянкі.

І тут казалі: “Я люблю…”

 –Дзяўчатам юнакі.

 

Не носіць пісьмаў паштальён –

Лісты пайшлі ў свет,

Застаўся боль і горкі звон

Ды чорнай смерці след.

 

Халодны помнік…

Тых людзей

У жыццё ўжо не вярнуць,

Светлавалосых іх дзяцей –

Званочкаў не пачуць…

 

І слёзы ў вачах дрыжаць,

Нібы нямы дакор,

А ў душы званы звіняць

Аб кожным, хто памёр…

 

І рэха звону паляціць

Па ўсёй нашай зямлі.

Па вёсках боль баліць-звініць,

Што дымам адышлі.

Вікторыя Раманаўна піша вершы са школьных гадоў. Першай творчыя здольнасці дзяўчынкі заўважыла бабуля Яніна, якая працавала ў сферы культуры і ўсюды брала яе з сабой. Потым школьныя настаўнікі імкнуліся стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы для раскрыцця паэтычнага патэнцыялу сваёй вучаніцы.

– Раней я лічыла, што вершы – гэта юнацкае захапленне. Але з цягам часу ўпэўнілася, што паэзія застанецца са мной на ўсё жыцце. Не атрымоўваецца ў мяне пісаць вершы па заказу. Яны з’яўляюцца толькі тады, калі якая-небудзь  падзея адгукаецца ў маёй душы, калі вочы зіхацяць ад радасці, калі побач унікальныя людзі. У гэты час пад рукой заўсёды павінны быць аловак і папера, каб не згубіць натхненне. Жорсткасць і бесчалавечнасць фашыстаў у адносінах да мірных жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны заўсёды абурала мяне. Я не разумела, як так можна абыходзіцца з малымі дзецьмі, жанчынамі, старымі. Нельга, каб сёння такое магло паўтарыцца, мы, як нашчадкі пакалення пераможцаў, павінны зрабіць усё для захавання міру на нашай зямлі.

Ірына БОЧКО

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио