13 июня 2026 — 08:33
У абласным фестывалі традыцыйных культур “Скарбы Гродзеншчыны” прыняў удзел клуб пажылых людзей “Другое дыханне” філіяла “Мілявіцкі цэнтр вольнага часу і культуры”.
На пляцоўцы, дзе выступалі фальклорныя калектывы, артысты з Мілявіч парадавалі гасцей старажытнай фальклорнай песняй.
Песню трэба было падрыхтаваць арыгінальную і непаўторную, якая да гэтага нідзе не гучала, – расказала загадчыца філіяла “Мілявіцкі цэнтр вольнага часу і культуры” Інна Машкала. – Дапамагла намеснік дырэктара КСУП “Азяранскі” па ідэалагічнай рабоце Людміла Васілеўская. Яна напела старадаўнюю вясельную песню, якую чула ад сваёй бабулі. Мелодыю падабраў Шаміль Тайраў. У клубе “Другое дыханнее” мы ёй далі другое жыццё. І песня загучала! У ёй мы ўспомнілі сваю маладосць, шчасце, гучныя вясковыя вяселлі. На сцэне ў Гродне песню дапамагалі выконваць загадчыца Азёркаўскага цэнтра вольнага часу і адпачынку Ірына Шалястовіч і культарганізатар Алена Боцька, а таксама загадчыца Глядавіцкага цэнтра вольнага часу і адпачынку Алена Вілінская. Удзельнікі фестывалю нам бурна апладзіравалі.

А вясельны каравай Мастоўшчыны выпякала для абласнога фестывалю Аляксандра Новік з вёскі Мілявічы. Каравай на вяселлі лічыўся сімвалам дастатку і шчасця, і выпякалі яго з глыбокай павагай. Аляксандра Сцяпанаўна вельмі пастаралася. Каравай атрымаўся румяным ды прыгожым, быццам само сонейка, і яго пышная залатая скарыначка абяцала маладым сытае і ладнае жыццё. А які ён быў смачны! Пачаставацца ім змаглі ўдзельнікі фестывалю.

Аляксандра Сцяпанаўна – актыўны ўдзельнік нашага клуба “Другое дыханне”, – адзначыла загадчыца філіяла Інна Машкала. – А правільней сказаць, завадатар. Яна ў нас на вячорках выконвае ролю гаспадыні. І на традыцыйным свяце
кветак, і на свяце вёскі Мілявічы, і іншых мерапрыемствах. А якія смачныя і прыгожыя яна прысмакі пячэ для салодкага стала, якім заканчваюцца святы. Ёсць у яе непераўзыйдзены талент да гэтага. Можа таму, што чалавек яны добразычлівы і душэўны, то ўсё ў яе і атрымліваецца.
Так гродзенскі фестываль традыцыйных культур садзейнічаў творчасці мілявіцкіх жанчын.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота прадстащлена РЦК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад