Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

Песні спявалі, юбілярку віншавалі

13 декабря 2010 — 10:00

Самай старэйшай жыхарцы Вялікіх Азёрак Ганне Аляксандраўне Буцько 19 лістапада споўнілася 90 гадоў. Павіншаваць бабулю з  юбілеем прыехалі дзеці, унукі і праўнукі. А крыху пазней ушанаваць Ганну Аляксандраўну і пажадаць юбілярцы здароўя яшчэ на многа гадоў зайшлі  з падарункам старшыня Азёркаўскага сельскага Савета Сяргей Валяр’янавіч Каспяровіч і мясцовыя артысты.  З добрымі пажаданнямі завіталі таксама і суседзі.

Атрымаўся нечаканы, але прыемны сюрпрыз. Такой увагі да сваёй асобы Ганна Аляксандраўна не чакала. Добрыя словы ў яе адрас, цудоўныя песні ў выкананні Галіны Шалястовіч, Ірыны Шалястовіч і Ніны Кавалевіч расчулілі бабулю да слёз. Яна ніяк не хацела адпускаць гасцей з хаты.   За святочным юбілейным сталом Ганна Аляксандраўна ўспамінала пражытыя гады. Усё яе жыццё прайшло ў нялёгкай сялянскай працы. Жанчына працавала ў калгасе звеннявой па вырошчванню лёну. Лён-даўгунец  у яе звяне рос на славу, быў лепшы, чым у іншых.

Ганна Аляксандраўна Буцько за працоўныя набыткі адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і шматлікімі медалямі, пабывала ў Маскве на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі.

Прыемна, калі лёсам наканавана дажыць да такога шаноўнага ўзросту, калі на юбілей з добрымі пажаданнямі збіраецца поўная хата гасцей. Праўда, і ў буднія дні не адчувае Ганна Аляксандраўна сябе адзінокай. Штодня, каб дапамагчы  маці ў хатніх клопатах, прыходзяць дачка Ніна, зяць Уладзімір і сацыяльны работнік Алена Ламака.

                                      Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио