Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Першыя крокі вучняў у навуку

03 апреля 2018 — 13:19

 

З мэтай выяўлення адораных і высокаматываваных вучняў, актыўнага ўключэння іх у навукова-даследчую дзейнасць, удасканалення культуры даследчай дзейнасці вучняў у сакавіку 2018 года на базе ДУА “Рагозніцкая сярэдняя школа” прайшла школьная навукова-практычная канферэнцыя “Першыя крокі ў навуку”, у якой прынялі ўдзел 8 вучняў 4-11 класаў.
Непасрэдна самой канферэнцыі папярэднічала крапатлівая праца вучняў пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў: выбар тэмы даследаванняў, фармуліроўка мэтаў і задач, вывучэнне літаратуры. І, вядома, галоўнае месца адводзіцца самой даследчай дзейнасці.


На вучнёўскую канферэнцыю прадстаўлена 7 даследчых работ па такіх накірунках, як матэматыка, беларуская мова, руская літаратура, біялогія, краязнаўства. Варта адзначыць, што палова работ выканана на падставе мясцовага матэрыялу.
Даволі цікавая праца была прадстаўлена самымі маленькімі ўдзельнікамі канферэнцыі Міланай Сасноўскай і Ільёй Гарадком аб гісторыі Рагозніцкага крухмальнага завода і яго вядомым у многіх краінах свету брэндзе “Крухмалыч”. Кацярына Рагацэвіч сваім даследаваннем відавага складу дрэў і кустоў выявіла адрозненні іх паходжання. Акрамя гэтага, скла-дзены спіс абарыгенных і інтрадуцыраваных дрэў і кустоў. Атрыманыя вынікі стануць асноваю для маніторынгу флоры ў нашым населеным пункце.


Вучняў школы цікавіць не толькі сучаснае нашай мясцовасці, але і мінулае. Па выніках фальклорнай экспедыцыі, арганізаванай у сваёй мясцовасці, запісаў успамінаў старажылаў вёскі стала магчымым апісаць вясельны абрад, усе яго этапы, што паслужыла асновай работы Кацярыны Крэўскай “Адметнасць вясельнага абраду вёскі Вялікая Рагозніца Мастоўскага раёна”. Дзве даследчыя работы прысвечаны матэматыцы. Не сакрэт, што матэматыка развівае лагічнае мысленне, прывучае чалавека да парадку, уменне выдзяляць галоўнае, вучыць рашаць практыка-арыентаваныя задачы. Вучні даказалі сваімі працамі, якую ролю адыгрывае матэмытыка пры выбары далейшага жыццёвага шляху, для якіх прафесій матэматыка з’яўляецца прыярытэтнай. А як у наш час не быць прадпрымальнікам, не разлічыць сямейны бюджэт, не памыліцца пры выбары крэдыту? На гэтае пытанне вучні пачулі адказ у рабоце “Працэнты ў школе і жыцці“.


Ці даводзілася вам чуць выразы “збірацца з думкамі”, “грызці граніт”, “даходзіць да розуму”? Ці ведаеце вы чалавека, у якога “светлая галава”? Для свайго даследавання Крысціна Раманенка, вучаніца 9 класа, выбрала тэму “Фразеалагізмы са значэннем “разумовай дзейнасці чалавека” ў беларускай мове”. Журы было няпроста вызначыць пераможцаў. Усе юныя даследчыкі ўзнагароджаны дыпломамі.

А. ЛУДЗІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Рагозніцкая
сярэдняя школа”


 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио