Калі энэргіі хоць адбаўляй, то ў планах не толькі паездка ў аздараўленчы лагер, але выдатны варыянт разнастаіць вольны час – знайсці працу на лета. Першы працоўны вопыт – гэта выдатная магчымасць адчуць сябе дарослым, самастойна зарабіць першыя грошы на свае патрэбы, завесці новых сяброў. Што для гэтага патрэбна? Вядома, уласнае жаданне, медыцынская даведка і поўныя 14 год – галоўныя патрабаванні для падлетка, які плануе афіцыйна ўладкавацца на сваё першае працоўнае месца і нават атрымаць працоўную кніжку і зарабіць свае “кішэнныя”. Такая магчымасць прадстаўлена для 10 юнакоў і дзяўчат ДУА “Рагозніцкі ВПК дзіцячы сад –сярэдняя школа” у час летніх канікул у працоўнай брыгадзе на базе ўстановы адукацыі, якія аформлены падсобнымі рабочымі з 15 па 24 чэрвеня.
Члены брыгады выконваюць розную працу: убіраюць скошаную траву з газонаў, рамантуюць і мыюць мэблю, даглядаюць за кветкамі, праполваюць, рыхляць і паліваюць клумбы, школьны агарод, добраўпарадкоўваюць школьны стадыён, прытрымліваючыся правіл па ахове працы.
Але не толькі працоўнымі клопатамі жывуць падлеткі. У Год гістарычнай памяці асаблівая ўвага надаецца мінуламу. Таму ўдзельнікі працоўнай брыгады прыводзілі ў парадак помнік загінуўшым землякам у час Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Парфёнавічы. Навучэнцы прыбіралі скошаную траву, галінкі дрэў і чысцілі дарожкі каля помніка. Прыемна было глядзець на працу дзяцей, якія з пачуццём глыбокай адказнасці выконвалі гэту работу, выказваючы гэтым самым падзяку за мірнае жыццё і шчаслівае будучае загінуўшым героям Вялікай Айчыннай вайны.
Нездарма павучае мудрасць “век жыві – век вучыся”. Работа ў працоўнай брыгадзе навучае чамусьці новаму, павялічвае ўзровень свайго развіцця і выпрацоўвае ўменні, а таксама дае магчымасць зарабіць свой рубель.
Святлана СЛУЦКАЯ і Наталля ЯСКЕВІЧ,
настаўнікі ДУА “Рагозніцкі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”, адказныя за арганізацыю працоўнай брыгады
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад