У нашай школе стала добрай традыцыяй арганізоўваць дзейнасць падлеткаў у форме працоўных брыгад. Вось і гэтым летам навучэнцы старшых класаў былі заняты ў працоўнай брыгадзе “Працавікі”.
Часовая працоўная занятасць дае непаўналетнім магчымасць не толькі зарабіць, атрымаць першы працоўны вопыт, але і пазнаёміцца з асаблівасцямі ўзаемаадносін у працоўным калектыве. Акрамя таго, праца, адцягваючы падлеткаў ад вуліцы, з’яўляецца адным з метадаў прафілактыкі правапарушэнняў і безнагляднасці непаўналетніх. Гэта рэальная магчымасць дзецям дапамагчы матэрыяльна бацькам, уносячы і сваю пасільную лепту ў сямейны бюджэт. Гэта выгадна ўсім: і школе, і бацькам, і самім дзецям. Падлеткі працуюць, вучацца шанаваць заробленыя грошы, у іх з’яўляецца пачуццё адказнасці.
Працоўная падлеткавая брыгада “Працавікі” – гэта асаблівы калектыў дзяцей. Тут закладваюцца будучыя сацыяльныя адносіны, асвойваюцца існуючыя, фарміруюцца веды і канкрэтныя віды дзейнасці, якія дазваляюць зразумець самога сябе, свае магчымасці і перспектыву развіцця асобы. Таму працоўныя брыгады – важнейшы фактар сацыялізацыі падлеткаў, значэнне якога цяжка пераацаніць.
Большая частка работ брыгады была накіравана на добраўпарадкаванне і афармленне тэрыторыі школы. Юнакі і дзяўчаты праводзілі зямельна-ландшафтныя работы, добраўпарадкоўвалі стадыён, рыхтавалі кабінеты да рамонту. Шмат часу падлеткі праводзілі ў агародзе: палівалі, праводзілі праполку. Праца ў агародзе іграе важную ролю ў павышэнні якасці ведаў навучэнцаў па біялогіі, падахвочвае і развівае ў школьнікаў розныя пазнавальныя інтарэсы, фарміруе культуру сельскагаспадарчай працы. Тут вучні набываюць уменні і навыкі вырошчвання садавіны і агародніны. У навучэнцаў выхоўваецца адказнасць за даручаную справу, яны прывыкаюць даводзіць пачатае да канца.
Дзякуючы часовай летняй занятасці, падлеткі адчуваюць сябе ўдзельнікамі важных падзей школы, а значыць, грамадства ў цэлым, адчуваюць сябе грамадзянамі сваёй краіны. У далейшым гэта адаб’ецца на іх уменні працаваць у калектыве, выконваць грамадска карысную практычную працу ў сям’і і на вытворчасці.
Галіна Галавенка,
класны кіраўнік 9 класа ДУА «Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа»
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад