Першага студзеня Мікалаю Мікалаевічу Давыдзіку споўнілася восемдзесят гадоў. Гэта якраз той узрост, калі чалавек падсвядома імкнецца асэнсаваць важныя і значныя асабіста для яго жыццёвыя эпізоды. Напярэдадні свайго юбілею Мікалай Мікалаевіч зайшоў да нас у рэдакцыю. І не выпадкова. Нават праз гады не забывае чалавек пра сваё першае каханне і першае працоўнае месца. Сямнаццацігадовым юнаком у 1953 годзе прыйшоў ён працаваць наборшчыкам у мясцовую друкарню.
У той час у друкарні набіралася, вярсталася і друкавалася і раённая газета “Путь Победы”, такую патрыятычную і пафасную назву мела сённяшняя “Зара над Нёманам”. Вясковаму хлопцу з Ляды, у якога за плячыма было нялёгкае ваеннае дзяцінства і толькі пяць класаў школы, давялося праявіць старанне і кемлівасць, настойліва спасцігаць граматыку як рускай, так і беларускай мовы, каб асвоіць тэхніку набору і набіраць тэксты хутка і без памылак. Газета і ўся друкаваная прадукцыя ў той час набіраліся ўручную.
Працуючы ў друкарні, Мікалай Мікалаевіч пасля заканчэння рабочай змены спяшаўся на заняткі ў вячэрнюю школу. Работа ў друкарні патрабавала не толькі граматнасці, але і дасведчанасці па многіх навуках.
-- Сталася так, што пасля работы ў друкарні мая працоўная біяграфія доўгія гады была звязана з ААТ “Мастоўдрэў, але я назаўсёды палюбіў і да гэтага часу з вялікай павагай адношуся да працы журналістаў. Увесь час выпісваю і з цікавасцю чытаю “Зару над Нёманам”. Раённая газета для мяне --не толькі крыніца мясцовых навін, але і прыемнае вяртанне ў гады маладосці, калі і я сам меў непасрэднае дачыненне да выпуску раёнкі, -- вось так патлумачыў свой візіт у рэдакцыю Мікалай Мікалаевіч.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Фота Н. ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад