Яшчэ ў раннім дзяцінстве дзеці задаюць сто тысяч пытанняў: “Чаму ззяюць зоркі?”, “ А сонца не перагарыць?”, “ Чаму ідзе дождж?”, “Як расце трава?” і т. п. Вядома ж, бацькі ў некаторых выпадках спрабуюць адразу ж задаволіць цікаўнасць юных усёзнаек, хаця не заўсёды ў іх гэта атрымліваецца.
А я, як настаўнік, вучу навучэнцаў у працэсе даследавання самім атрымліваць адказ на хвалюючае іх пытанне.
Радасць адчувае не толькі навучэнец, калі ён знаходзіцца ў пошуку разам з настаўнікам. Радасць адчувае і настаўнік, калі сочыць за працай думкі сваіх навучэнцаў, накіроўвае іх па шляху пазнання, дае дзецям магчымасць атрымаць асалоду ад радасці свайго ўласнага адкрыцця.
Ужо трэці год запар мае навучэнцы з'яўляюцца пераможцамі як раённых, так і абласных навукова-практычных канферэнцый.
У пачатку лістапада ў Гродзенскім дзяржаўным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі прайшоў конкурс навукова-даследчых работ і праектаў малодшых школьнікаў "Я пазнаю свет". З даследчай работай “Дзіўныя ўласцівасці адталай вады” выступілі Малання Гайдаш і Настасся Слуцкая, навучэнкі 2 класа.
У ходзе даследчай дзейнасці дзяўчынкі даведаліся, што адталая вада зніжае стамляльнасць, павышае працаздольнасць, абвастрае ўвагу і памяць, паляпшае настрой. Хворыя людзі, ужываючы такую ваду, хутчэй папраўляюцца і атрымліваюць менш ускладненняў пры вірусных інфекцыях.
Правёўшы доследы ў хатніх умовах, навучэнкі змаглі назіраць уплыў адталай вады на арганізм чалавека, на жыццядзейнасць раслін і жывёл.
Юныя даследчыкі раяць усім людзям піць адталую ваду. А лепш піць яе ў добрым настроі і з радасцю.
Хоць сярод удзельнікаў абласнога конкурсу дзяўчынкі і былі самыя малодшыя, але выступілі дастойна і атрымалі дыпломы ІІ ступені. Мы не сталі першымі, але я спадзяюся, што ў нас усё наперадзе, нам ёсць да чаго імкнуцца. Галоўнае, што ёсць пачатак, які зацікавіў маленькіх даследчыкаў!
Чарніцкая І.І., настаўнік пачатковых класаў,
вышэйшай катэгорыі
ДУА “Пацэвіцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад