Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя «Марафон адзінства» ўпэўнена крочыць па краіне. А старт акцыі быў дадзены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка 17 верасня, у Дзень народнага адзінства. Марафон ахапіў усю нашу краіну.
А што такое адзінства? Напэўна, кожны з нас неаднаразова задумваўся над гэтым пытаннем. Паспрабаваў адказаць на яго і я, прыняўшы ўдзел у рэспубліканскім конкурсе сачыненняў «Што такое адзінства». Аснову адзінства я бачу ў дружнай сям'і, згуртаванасці нашага класа, захаванні гістарычнай памяці, стойкасці і мужнасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у бязмернай любові да маці-Радзімы.
Эмоцыі перапаўнялі мяне, калі ў спісе пераможцаў абласнога этапу ўбачыў сваё прозвішча. Перамога была нечаканай, але прыемнай. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Гродна. Наш абласны цэнтр 17-18 студзеня стаў адным з прыпынкаў маршруту «Марафона адзінства». У Гродзенскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі пад апладысменты атрымалі дыпломы і падарункі пераможцы конкурсу малюнкаў «Мы разам» і рэспубліканскага конкурсу сачыненняў «Што такое адзінства». За перамогу ў конкурсе сярод вучняў 5-8 класаў я атрымаў веласіпед і каштоўныя сувеніры. Шчырыя віншаванні прагучалі ад гасцей мерапрыемства: намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Кацярыны Пятруцкай і начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслана Абрамчыка. Пасля ўзнагароджання мы мелі магчымасць наведаць цікавыя выставы, аформленыя ў Палацы творчасці. Мне асабліва спадабалася інтэрактыўная пляцоўка Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Тут можна было даведацца не толькі аб навуковых дасягненнях, але і паспрабаваць свае сілы ў творчых і інтэлектуальных заданнях.
Для мяне гэты дзень стаў сапраўдным святам. Радасць перамогі са мной раздзялілі мае аднакласнікі, сябры, якія ў якасці групы падтрымкі прысутнічалі на цырымоніі ўзнагароджання. З гонарам магу сказаць: «Мы – разам! Мы – адзінае цэлае».
У нашага пакалення шчаслівае юнацтва, створаны ўсе ўмовы для навучання, адпачынку, нас выхоўваюць ва ўмовах даверу, адзінства і міру. Давайце не будзем забываць, што толькі разам мы сіла! Толькі разам мы пераадолеем усё!
Дзмітрый Панкевіч,
вучань 8 класа ДУА «Рагозніцкая сярэдняя школа»
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад