Аляксандр Галавенка 26 гадоў працуе ў гімназіі №1 горада Масты. За выдатныя вынікі педагагічнай дзейнасці напярэдадні прафесійнага свята ўзнагароджаны ў Мінску Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Калісьці сельскага хлапчука з вёскі Вільчашы Іўеўскага раёна зацікавіў фізікай і астраноміяй таленавіты настаўнік Станіслаў Карповіч. У старэйшых класах ён дапамог хлопцу добра падрыхтавацца да паспяховага паступлення ў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Там Аляксандр Галавенка паспяваў не толькі добра вучыцца, але і займацца прафсаюзнай дзейнасцю і нават прапанаваў руку і сэрца прыгожай дзяўчыне Галіне, таксама студэнтцы. Так што ў Мастоўскі раён у 1993 годзе прыехала на працу маладая сям’я настаўнікаў.
У гарадской гімназіі Аляксандр Юльянавіч працуе вось ужо 26 гадоў настаўнікам фізікі і астраноміі. Дзеці любяць гэтыя прадметы, паважаюць свайго педагога. Нават і тады, калі не збіраюцца ў будучым звязаць са школай ці з выкладаннем гэтых прадметаў сваю прафесійную дзейнасць. Яны заўсёды спатрэбяцца ў жыцці.
За час працы Аляксандр Галавенка зарэкамендаваў сябе высокапрафесійным, мэтанакіраваным педагогам, які дасканала валодае методыкай выкладання прадмета.
Дырэктар гімназіі Надзея Хальцова падкрэсліла, што Аляксандр Юльянавіч умее стварыць ўмовы для выяўлення здольнасцей і раскрыцця патэнцыяльных магчымасцей вучняў. Яго сістэма работы з адоранымі вучнямі вытрымала выпрабаванне часам і дае станоўчыя вынікі.
Мы папрасілі Аляксандра Галавенку расказаць аб яго знакамітых вучнях за апошняе дзесяцігоддзе. У 2008 годзе Яўгеній Шаўчук упершыню атрымаў дыплом першай ступені на абласной алімпіядзе па фізіцы, а праз некаторы час – і на рэспубліканскай. Пераможцай абласных і рэспубліканскай алімпіяд па гэтаму прадмету была Юля Дзямешчык, а на абласной і рэспубліканскай алімпіядах па астраноміі стаў Яўгеній Прэйс. У 2017 годзе Мікіта Капач і Ліана Прыбалавец перамаглі на алімпіядзе па астраноміі. Лена паспяхова выступіла таксама на рэспубліканскай.
Шмат дыпломаў на самых прэстыжных алімпіядах і канферэнцывях заваявала Паліна Іванова. Сур’ёзна астраноміяй яна пачала займацца з Аляксандрам Юльянавічам ужо у шостым класе. А неўзабаве паспяхова выступіла на абласной алімпіядзе. За час вучобы Паліна станавілася пераможцам як абласных, так і рэспубліканскіх алімпіяд. Усяго ў скарбонцы дзяўчыны 18 дыпломаў.
Добрая традыцыя працягваецца і ў гэтым годзе. Грамату на абласной алімпіядзе па фізіцы атрымаў вучань гімназіі Уладзіслаў Маскевіч. Прыходзіцца дзівіцца, як педагог умее знаходзіць таленты сярод мастоўскіх падлеткаў, захапіць сваім прадметам на доўгія гады.
– Цяжка дабіцца поспеху на алімпіядзе? – спыталі мы ў Аляксандра Юльянавіча.
– Гэта работа не аднаго дня і нават не аднаго года. У такіх рабят вельмі высокая самаарганізацыя, матывацыя да пазнання, калі прыходзіцца перамагаць стомленасць, ахвяраваць адпачынкам ці гульнямі.
– Фізіка і астраномія найбольш цяжкія прадметы ў школе. Ці ёсць ахвотныя займацца імі на паглыбленым узроўні ў цяперашні час?
–Прадметы можа і цяжкія, але якія цікавыя! Калі падтрымаць захапленні рабят імі, аказаць дапамогу, можна дабіцца многага. У мяне сем старшакласнікаў паглыблена займаюцца фізікай і пяць – астраноміяй. Рабяты інтэлектуальна развіваюцца і ўпэўнены, што даб’юцца вялікіх поспехаў.
– “Рашым любую задачу па фізіцы!” Што гэта за кліч такі пайшоў па Мастоўшчыне?
– Так называецца наш міжшкольны факультатыў, дзе я з’яўляюся трэнерам для падрыхтоўкі вучняў раёна да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізіка”. Калі ёсць жаданне, кожны можа там паспрабаваць свае сілы.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад