Сёння з упэўненасцю можна сцвярджаць, што педагагічны калектыў нашай школы – гэта калектыў прафесіяналаў і аднадумцаў. Стратэгію развіцця школы заўсёды вызначае яе кіраўнік. Адна з найважнейшых задач кіраўніцтва любой установай адукацыі – стварэнне прафесійнаасобаснай зоны поспеху для кожнага педагога, павышэнне зацікаўленасці ва ўдасканаленні прафесійнага майстэрства, праяўлення творчай актыўнасці. На працягу 27 гадоў школу ўзначальвае Віктар Мечыслававіч Чэрнік, індывідуальны стыль дзейнасці якога грунтуецца на добразычлівасці і павазе, уменні вырашыць любую праблему. В.М.Чэрнік – чалавек, які дапамагае пераадольваць цяжкасці і стварае ўмовы, каб кожны адчуў задавальненне ад вынікаў сваёй дзейнасці.
Задача настаўніка – не толькі даць трывалыя веды вучням, але і выхаваць у іх пачуццё адказнасці, сумлення, адданасці сваёй радзіме. Важнае месца займае пазакласная работа па прадмету. З захапленнем вучні наведваюць школьны музей, удзельнічаюць у тэатралізаваных экскурсіях на беларускай і англійскай мовах. Пад кіраўніцтвам Л.У. Эйсмант і А.М.Чэрнік створана шмат праектаў. Выступленне вучняў школы на конкурсе “Мясціны майго дзяцінства” было прызнана лепшым у рэспубліцы і адзначана дыпломам І ступені. Удзел у рэспубліканскім конкурсе экскурсаводаў “Мая малая радзіма” прынёс школе дыплом ІІ ступені. Л.У.Эйсмант, І.М.Сільвановіч і А.М. Чэрнік з’яўляюцца аўтарамі кнігі “Повязь часоў, пакаленняў, традыцый”, у якой апавядаецца аб дзейнасці школьнага музея баявой славы. Краязнаўчы праект “Знакамітыя землякі”, выкананы пад кіраўніцтвам А.В.Лука, на рэспубліканскім конкурсе атрымаў дыплом І ступені.
Толькі творчы і працалюбівы настаўнік здольны захапіць сваіх вучняў. Любоў да прадмета нараджаецца не толькі на ўроку, але і ў пазакласных мерапрыемствах. Нікога не змагла пакінуць раўнадушным літаратурная гасцёўня “Два стагоддзі”, падрыхтаваная навучэнцамі пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры В.С.Пабежка. З захапленнем вучні прымалі ўдзел у тэатральнай пастаноўцы на англійскай мове (кіраўнікі – настаўнікі англійскай мовы В.В. Падаляк і Т.М. Жук), тэатралізаванай экскурсіі на англійскай мове ў школьным музеі, якая падрыхтавана Т.М.Жук. Музычныя здольнасці навучэнцаў выдатна развівае музычны кіраўнік школы І.І.Сідар. Пад яе кіраўніцтвам вучні станавіліся пераможцамі і прызёрамі абласных і раённых конкурсаў, прымалі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Звонкая раніца”. Творчую іскрынку і ініцыятывы вучняў заўсёды падтрымлівае педагогарганізатар Г.В.Аўдзеева. Паспяховым было і выступленне нашых спартсменаў. Пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя Я. У. Трахімчыка вучні занялі другое месца ў раённай спартакіядзе.
Нішто так не можа захапіць навучэнцаў як асабісты прыклад настаўніка. Настаўнік хіміі М.К.Ткачоў выступіў ініцыятарам пасадкі яблыневага сада каля школы. Зараз 52 маладыя дрэўцы ўпрыгожылі школьную тэрыторыю.
У школе створана і эфектыўна дзейнічае свая сістэма работы з кожным вучнем – як з тым, хто ад прыроды ўзнагароджаны талентам, так і з тым, хто мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Задача настаўнікаў – узняць кожнага навучэнца на прыступку вышэй. І ў кожнага дзіцяці гэтая прыступка свая. Настаўнікідэфектолагі Л.І. Грэбень і В. М. Жыдовіч вялікую ўвагу надаюць паспяховай сацыялізацыі вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сацыяльным педагогам школы В.У. Гайко наладжана цеснае супрацоўніцтва з сем’ямі вучняў. Прыярытэтны накірунак дзейнасці – спакойнае і шчаслівае існаванне дзіцяці не толькі ў школе, але і ў асабістай сям’і.
Творчы педагог заўсёды знаходзіцца ў пошуку шляхоў павышэння ўзроўню свайго майстэрства, у пошуку аптымальных метадаў і прыёмаў навучання па сваім прадмеце. Вялікую ролю адыгрывае самаадукацыя. Педагогі школы з задавальненнем дзеляцца вопытам уласнай працы. Ён запатрабаваны, менавіта таму ў нас часта праходзяць семінары розных узроўняў – ад раённага да рэспубліканскага.
Відавочна, што час патрабуе ад настаўніка змен, традыцыйны выкладчык сыходзіць са сцэны. Сёння складваецца новы вобраз педагога – гэта даследчык, выхавацель, кансультант, кіраўнік праектаў. Калектыў школы адкрыты для змен, мы імкнемся будаваць школу магчымасцей і пошуку.
І. М. СІЛЬВАНОВІЧ,намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі «Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета»
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад