Пажаданні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на свята Божага Нараджэння і Новы год
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
У святы Божага Нараджэння з глыбіні нашых сэрцаў мы ўзносім да Нябеснага Айца гімн удзячнасці і любові: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!” (Лк 2, 14)
Езус Хрыстус прыходзіць у гэты свет, прымае чалавечую прыроду і становіцца адным з нас, каб мы паверылі, што Бог сапраўды блізка, што Яго любоў не ведае межаў і што Яго найвялікшае жаданне – адарыць нас усіх паўнатой збаўлення.
Няхай святы Божага Нараджэння прамаўляюць да нас усёй моцай надзеі і радасці. Няхай у нашых сэрцах паселяцца мір і радасць, дабрыня і міласэрнасць, цярплівасць і чуласць.
У гэты святочны час складаю вам, дарагія браты і сёстры, мае самыя сардэчныя віншаванні. Няхай Нованароджаны Сын Божы адорвае кожнага шчодрым благаслаўленнем, добрым здароўем і ўсялякімі патрэбнымі ласкамі.
Запэўніваю вас усіх, дарагія дыяцэзіяне, у маёй малітве, жадаю вясёлых, радасных, поўных надзеі і аптымізму святаў Божага Нараджэння, а таксама шчаслівага, паспяховага, багатага Божым благаслаўленнем Новага 2018 года!